Школьная медсястра атрымае электронны доступ да медыцынскіх картак дзяцей і зможа выдаваць даведкі для лагераў і спаборніцтваў. Медыцынскія кабінеты школаў пачалі падключаць да адзінай інфармацыйнай сістэмы з банкам даных педыятрычнай службы Гродна.

Доступ да медыцынскіх картак дазволіць школе адсачыць вынікі дыспансерызацыі, атрымаць звесткі аб прышчэпках, ведаць рэкамендацыі ўрачоў наконт фізкультуры, наведвання басейна, а таксама рассадкі вучняў за партамі ў класах. Можна будзе хутка праверыць, ці звярталася дзіця ў паліклініку ў выпадках, калі прапускала ўрокі, піша «Медицинский вестник».

Медработнікі школ, у сваю чаргу, змогуць папаўняць электронную базу звесткамі па зваротах дзяцей з праблемамі здароўя і рабіць адзнакі аб вакцынацыі.

Дзякуючы падключэнню школы да інфармацыйнай сістэмы можна будзе пазбегнуць дублявання. Атрымаць даведку для спаборніцтваў і аздараўленчага лагера, заняткаў у спартыўных секцыях і гуртках можна будзе проста ў школьным медкабінеце.

Пілотны праект падключэння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да медыцынскай інфармацыйнай сістэмы МАПСАФТ стартаваў на базе сярэдняй школы № 41.

Чытайце таксама: Новы корпус і душавыя ў палатах. Дзіцячы шпіталь у Гродна чакаюць перамены