З 1 сакавіка пункты пропуску “Райгардас” – “Прывалка” і “Лаварышкес” – “Катлоўка” закрыты. Праз гэта маршруты пасажырскіх перавозак у Літву і Польшчу з Беларусі мяняюцца. Паглядзелі, як размеркавалі паездкі з Гродна.
Рэйсы з Гродна ў Вільню і Коўна і аўтобусы Гродна — Беласток — Варшава і Мінск — Ліда — Гродна — Беласток — Варшава — аэрапорт імя Фрыдэрыка Шапэна паедуць праз пункт пропуску «Беняконі», расказалі ў агрэгатары поездак “Атлас” OfficeLife.
Частку маршрутаў з Гродна і Мінска ў Беласток і Варшаву накіруюць праз пункт пропуску «Брэст» («Варшаўскі мост»). Аўтобусы некаторых міжнародных маршрутаў з Мінска больш не будуць заязджаць у Гродна.
Чытайце таксама: «Жалезная заслона» апусцілася пад Гродна: што нясе закрыццё межаў беларускай эканоміцы і грамадству
Праезд сапраўды падаражэе, бо павялічыцца прабег і выдаткі на паліва. Напрыклад, аўтобусу з Гродна ў Беласток ці Варшаву давядзецца рабіць дадатковы круг у некалькі сотняў кіламетраў. Акрамя таго, на падаражанне можа паўплываць рост попыту ў выпадку, калі рэйсаў праз закрыццё пунктаў пропускаў стане менш. У такім выпадку попыт на астатнія маршруты вырасце, і перавозчыкі адрэагуюць на гэта ростам коштаў.
Як размеркавалі рэйсы з Гродна і што з коштамі?
Пакуль кошт квіткоў на даступныя ў дадатку агрэгатара рэйсы да 30 сакавіка па маршруце Гродна – Вільня і Гродна – Беласток – 100 руб. (да Беластока было – 90-100 руб.) , з Гродна ў Варшаву – 120 руб.
Напрыклад, на маршруце Гродна – Беласток на 12 сакавіка (аўторак) на трох рэйсах з 17 стаіць адзнака аб праездзе праз “Беняконі”, на чатырох – праз Брэст, яшчэ на адным – “праз Літву”. У пятніцу, 15 сакавіка, плануецца 16 рэйсаў, з іх тры дакладна праз “Беняконі” і тры праз Брэст. У суботу, 16 сакавіка, рэйсаў плануецца 19, з іх таксама тры праз “Беняконі”, чатыры праз Брэст, і адзін “праз Літву”. У Варшаву з Гродна да канца месяца, згодна з дадаткам, запланавана па 9-13 рэйсаў у залежнасці ад дня тыдня. Размеркаванне паміж “Беняконямі”, “праз Літву” і Брэстам прыкладна такое ж. На маршруце Гродна – Вільня да 21 сакавіка паказана па восем рэйсаў штодзень, з 22 сакавіка – па шэсць, а вось з 28 – па адным.
Падобна, што яшчэ не ўсю інфармацыю скарэктавалі: пасля 23 сакавіка ў дадатку стаяць адзнакі аб праходу маршрутак праз “Прывалку”, а саміх рэйсаў больш бліжэй да канца месяца. На інфармацыі аб маршрутах з Гродна ў Вільню з 27 сакавіка засталася адзнака аб прамым рэйсе праз Друскенікі.
Як раслі кошты ў мінулы раз
Урад Літвы 21 лютага прыняў рашэнне закрыць два з чатырох пунктаў пропуска на мяжы з Беларуссю. Менавіта на найбліжэйшы да Гродна пагранпераход «Райгардас»-«Прывалка» пераарыентавалася большасць перавозчыкаў, калі ў лютым 2023 года Польшча закрыла пункт пропуска ў Баброўніках.
Кошты на квіткі з Гродна ў Беласток тады выраслі адразу на 33−38%, час у дарозе – на некалькі гадзін.



