Навучэнка гродзенскай гімназіі № 6 Дзіяна Чамерыс стварыла ў TikTok акаўнт, праз які дапамагае рыхтавацца да ЦТ. Дзяўчыне дапамагае маці, якая па адукацыі настаўніца беларускай мовы, паведаміла БелТА.

Гродзенка стварыла ў TikTok памочнік для падрыхтоўкі да ЦТ
TikTok. Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: pixabay.com / antonbe

Дзіяна Чамерыс навучаецца ў 10 класе. У TikTok акаўнце «БеларускаЯ», дзе 959 падпісчыкаў, яна публікуе 15-секундныя відэа з заданнямі для тых, хто хоча праверыць і падцягнуць свае веды па беларускай мове. Задачы ў відэа разнастайныя: па граматыцы, сінтаксісу і пунктуацыі.

Ідэю такога канала Дзіяна прыдумала ў 2023 годзе, калі яна вырашыла здаваць цэнтралізаванае тэставанне па беларускай мове. «Па гэтым прадмеце ў мяне „дзявятка“, але веды трэба ўвесь час падтрымліваць і ўзмацняць. Вырашыла, што будзе карысна рабіць гэта такім сучасным спосабам», — сказала дзяўчына.

Маці правярае кожнае відэа

Маці дзяўчыны — Юлія Аляксандраўна — падтрымлівае такую ідэю і дапамагае ў стварэнні. Дзіяна прапануе тэму, падбірае музыку і анімацыю, манціруе, а маці ўсё правярае на адпаведнасць правілам беларускай мовы і дае дазвол на публікацыю.

«Разам з тым гэта і памочнік для будучых абітурыентаў. У аснове праекта — пытанні, якія сустракаліся на ЦТ у мінулыя гады. Адна з важных мэтаў нашага анлайн-рэпетытара заключаецца як раз у тым, каб дапамагчы будучым абітурыентам падрыхтавацца да тэставання», — сказала Юлія Аляксандраўна.

Чытайце таксама: Глядзіце, якім будзе Гродна праз 1000 гадоў. Мы запыталі ў нейрасеткі і атрымалі малюнкі ў адказ