У Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах дэпутатаў. Яно працягнецца да 24 лютага ўключна. 25 лютага будзе так званы адзіны дзень галасавання — выбары адначасова і ў мясцовыя саветы дэпутатаў, і ў парламент. Незалежных назіральнікаў, як і прадстаўнікоў апазіцыі дзейнаму ў Беларусі рэжыму, на гэтых выбарах няма. Але парушэнні можна фіксаваць нават па фота.
Адкрытыя кабінкі паказалі і схавалі
У Гродне выбаршчыкі пачалі прыходзіць на свае ўчасткі, піша «Гродно Плюс». У сваім Telegram канал апублікаваў у тым ліку фота кабінкі для галасавання. Пазней менавіта гэтае фота з допіса прыбралі.
Відаць, што кабінка закрыта толькі з трох бакоў: каб захаваць таямніцу галасавання, трэба моцна пастарацца. Выбаршчык не зможа, калі захоча, ні сфатаграфаваць бюлетэнь, ні забраць яго з сабой. Менавіта па несупадзеннях фота бюлетэняў і апублікаваных пратаколаў на выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе змаглі даказаць іх фальсіфікацыю.
Чытайце таксама: Без апазіцыі і назіральнікаў, але з узмоцненай аховай. Інструкцыя на выбары-2024 у Беларусі
У Слоніме на ўсіх выбарчых участках ёсць спісы з «нядобранадзейнымі грамадзянамі», паведамляе канал «Суды, задержания. Гродно и область» са спасылкай на інфармацыю ад падпісанта. Пасля выбараў 25 лютага члены выбарчых камісій павінны будуць даць справаздачу аб тым, хто з «нядобранадзейных» прыйшоў і прагаласаваў, а хто не.
На выбары кліча ДАІ
Удзельнічаць у выбарах у Гродне агітавалі проста на вуліцы: супрацоўнікі ДАІ спынялі машыны, а сябры БРСМ давалі кіроўцам улёткі.
Адмінрэсурс
Cтала вядома, што ў першы дзень галасавання многіх асуджаных да абмежавання волі ва ўстановах адкрытага тыпу Гродзенскай вобласці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезлі галасаваць на бліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасавання, які прыпадае на нядзелю, піша «Вясна».
Як арганізаваныя выбары-2024
20 лютага ўчасткі адкрыліся апоўдні. У час датэрміновага галасавання яны будуць працаваць да 19.00 без перапынку. Знайсці свой участак можна на афіцыйным сайце ЦВК. Ва ўчастковай камісіі можна праверыць, ці ёсць дадзеныя ў спісах. Гэта лепш зрабіць загадзя: у адзіны дзень галасавання такая магчымасць не прадугледжана. 25 лютага ўчасткі будуць адчыненыя з 8.00 да 20.00.
Ад Гродна ў палату прадстаўнікоў накіруюць чатырох дэпутатаў. На гэтыя месцы прэтэндуюць 10 кандыдатаў. У абласны савет дэпутатаў трэба 18 чалавек, прэтэндуюць 38. У гарадскі савет дэпутатаў патрэбны 31, а заяўлена 66 чалавек. Усяго ў Гродне сфарміравана 135 участкаў для галасавання.
Чытайце таксама: