У Гродзенскім заапарку за студзень 2024 года выратавалі сем дзікіх птушак. Летась такіх жывёлаў было не менш за 60. Як яны трапляюць у заапарк і як іх ратуюць, расказаў тэлеканал «Гродна Плюс».
Палову з выратаваных у 2023 годзе птушак выпусцілі на волю, а астатніх прыйшлося пакінуць у заапарку. У некаторых выпадках дапамагчы жывёле было немагчыма. Часцей за ўсё — па віне людзей.
Як і ў якім стане жывёлы трапляюць у заапарк
Многіх птушак дастаўляюць у заапарк у крытычным стане. Людзі знаходзяць жывёлаў, падбіраюць і забіраюць да дому, а потым аддаюць ветэрынарам.
Напрыклад, чалавек падабраў кугакаўку і вырашыў пакінуць у хаце, але хутка зразумеў, што з жывёлай нешта не так і сам ён не дасць рады выратаваць птушку. Так птушка апынулася ў ветэрынара.
«У выніку высветлілася, што ў птушкі падвойны пералом лучавой косткі. Ужо пачаўся некратычны распад тканак, крыло выратаваць немагчыма ўжо было. Плюс птушка была ўжо ў такім стане, калі ён патрэбна была комплексная тэрапія», — сказала ветэрынарны лекар Гродзенскага заапарка Алена Камарэц. Першы тыдзень быў самы цяжкі. Зараз птушка адчувае сябе лепш.
Чапля не зляцела, а ястраб-цецярук патрапіў у капкан
Чапля не змагла адляцець пасля замаразкаў і апынулася на адным з гродзенскіх прадпрыемстваў. Знясіленую птушку ў заапарк прывезлі супрацоўнікі прыродаахоўнай службы.
Ястраба-цецярука пасялілі ў асобнае жытло. Туды ён патрапіў летась вясной, пасля таго, як патрапіў у капкан. У птушкі парушаная хапацельная функцыя лапы і зараз ён назаўсёды застанецца ў заапарку.
Падорлік прыляцеў з Гданьска
Чырвонакніжны падорлік патрапіў да ветэрэнараў з траўмаваным крылом. У выніку птушка доўгі час аднаўлялася і звыкала да людзей. «Птушка да нас патрапіла з кольцамі на лапках, на іх былі нумары і напісаны горад Гданьск, ён там відаць на ўліку міграцыі птушак. Параненага яго адшукалі ў нас», — сказала метадыст Гродзенскага заапарка Анастасія Лупач.
Супрацоўнікі заапарка спрабавалі стварыць для птушкі максімальна падобныя да прыроды ўмовы. Увесь вальер яму абставілі ветачкамі, каб птушцы падавалася, што яна сядзіць у кустоўі.
Бусел, які хадзіў каля Юбілейнага возера, таксама ў заапарку
Летам у заапарк патрапіў бусел, які хадзіў уздоўж трасы каля возера Юбілейнага і не злятаў. Праз тыдзень бусла прывезлі да лекараў у крытычным стане. Сёння птушка адчувае сябе добра, але страціла адно крыло.
Чытайце таксама: У Гродзенскага раёна можа з’явіцца турыстычны талісман
Птушаня не змагло адляцець за зімоўку
Амаль з самага нараджэння ў заапарку жыве шэры журавель Віта. На думку спецыялістаў, птушаня было з позняга вывадка і не змагло выляцей на зімоўку. «Адна жанчына спрабавала яго выхадзіць, але птушка некалькі дзён нічога не ела, моцна аслабела. І вось такім чынам яна патрапіла да нас у заапарк. І мы яе ўжо выхадзілі, яна пачала есці, дарослая, вялікая, адчувае сябе добра, здаровая птушка», — сказала лектар заапарка Таццяна Саўчук.