Расійская “Медыязона” выпампавала базу вышуку МУС Расіі і зрабіла зручны пошук па ёй. Беларуская “Медыязона” вылучыла з базы ўсіх грамадзян Беларусі. Іх аказалася 3186 чалавек. Сярод іх ёсць і гродзенцы. Вы можаце самі пашукаць сябе і знаёмых па прозвішчы, імені і імені па бацьку.
Абноўлена. За 6 месяцаў Расія дадала ў базу вышуку МУС 773 грамадзяніна Беларусі і тых, хто тут нарадзіўся. Некаторых людзей прыбралі з базы. Усяго ў базе знаходзіцца больш за 3500 чалавек. Людзей з гэтай базы шукаюць у Расіі і ў Беларусі. Праверыць сябе ў абноўленай базе можна тут.
Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, якіх вядомых гродзенцаў і ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці (ці іх поўных цёзак) шукае расійская міліцыя.
У выніку хуткага пошуку ў базе вышуку МУС Расіі знайшліся:
- Уладзімір Хільмановіч – гродзенскі журналіст і праваабаронца,
- Алеся Руднік – паліталагіня і даследчыца, якую беларускі Следчы камітэт назваў адной з 20 «аналітыкаў Ціханаўскай»,
- Ігар Банцэр – музыка і былы палітзняволены,
- Таццяна Кулевіч – жонка журналіста Руслана Кулевіча,
- Вольга Вялічка – псіхолаг, дырэктарка дзіцячага хоспіса,
- Вадзім Саранчукоў – лідар партыі БНФ,
- Сяргей Верамеенка – актывіст Беларускай хрысціянскай дэмакратыі,
- Дзмітрый Фурманаў – былы палітзняволены,
- Карына Маліноўская – з’ехала ў Польшчу і прайшла трэніроўку ад BYPOL,
- Рэгіна Лавар – былая палітзняволеная з Іўя,
- Алесь Кіркевіч – журналіст,
- Юрый Дзяшук – журналіст з Бярозаўкі,
- Анджэй Пісальнік – журналіст і актывіст польскай меншасці,
- Пётр Анісімовіч – актывіст БНФ, атрымаў “хімію” і выехаў з Беларусі.
- Вольга Верамеенка – актывістка, сузаснавальніца гродзенскай крамы нацыянальнай сімволікі “Адметнасць”.
- Вольга Івашына – актывістка, жонка палітвязня журналіста Дзяніса Івашына.
Гэта, відавочна, далёка не ўсе гродзенцы, хто можа быць у базе МУС Расіі.
Пра грамадзян Расіі ў базе звычайна пазначана, па якім артыкуле Крымінальнага кодэкса яны адшукваюцца. Аднак пра ўсіх знойдзеных намі гродзенцаў паказана толькі агульнае “адшукваецца па артыкуле КК” — без удакладненняў.
Даведацца, знаходзіцеся вы ці вашы знаёмыя ў вышуку ў Расіі, можна на сайце “Медиазона Беларусь”.



