У бярозаўскай школе затрымалі завуча і сакратара — вучні «былі ў шоку». Жыхары Гродзенскай вобласці зноў трапілі ў міліцыю з-за данатаў. Палітвязня Анджэя Пачобута трымаюць у ПКТ і пазбавілі перадач. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці c 5 па 11 лютага.
Як мінімум 29 рашэнняў судоў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў сталі вядомыя на мінулым тыдні. Суды прайшлі ў Лідзе, Гродне, Шчучыне, Смаргоні, Зэльве, Бераставіцы, Воранава, Навагрудку, Ашмянах, Слоніме, Дзятлаве. Судзілі «хіміка», кантрактніка, загадчыцу і інш.
Юшкевіч Аляксандр Станіслававіч і Салянкоў Ілля Аляксандравіч з Гродзенскай вобласці папоўнілі 7 лютага «спіс тэрарыстаў».
«Сёння роўна год, як агучылі прысуд на восем гадоў зняволення для Анджэя. З таго часу, як ён паехаў адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію, у яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго», — напісала 8 лютага ў Facebook жонка палітвязня Аксана Пачобут.
Паводле звестак праваабаронцаў, практычна ўвесь час зняволення ў папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку Анджэя Пачобута трымалі ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ), паведамляе «Свабода».
У гадавіну прысуду Пачобуту Міністэрства замежных спраў Польшчы апублікавала заяву, у якой выказала «рашучыя пярэчанні супраць выкарыстання палякаў у Беларусі ў якасці закладнікаў мінскіх уладаў», чарговым разам заклікала рэжым Лукашэнкі «паважаць міжнароднае права і двухбаковыя пагадненні ў частцы абароны правоў нацыянальных меншасцяў» і назвала вызваленне Анджэя Пачобута «прыярытэтам» сваёй дзейнасці.
«Пачобут стаў сімвалам беспрэцэдэнтных рэпрэсій, а таксама барацьбы за права культываваць традыцыі продкаў, вывучаць польскую мову, абараняць памятныя месцы і берагчы агульную справу, гістарычную спадчыну Польшчы і Беларусі», — гаворыцца ў заяве.
Ваўкавысчаніна затрымалі за ўдзел у мітынгах у 2020 годзе ў Гродне. Яго забралі, калі мужчына прыбіраў снег на вуліцы.
Жыхарка Свіслачы 12 жніўня 2020 года перавяла € 4,44 NEXTA праз PayPal. У 2020 жыхар Астраўца адправіў плацёж NEXTA. Жыхар Ваўкавыска з 2020 года да лютага 2023 года праз PayPal і Youtube адправіў $ 350 «Стране для жизни» і $ 73 NEXTA.
Усе трое трапілі ў міліцыю і нібыта добраахвотна адправілі плацяжы ў дабрачынныя фонды, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Суд Лідскага раёна 24 студзеня вынес прысуд 53-гадоваму жыхару Вілейкі Аляксандру Малікаву, якога абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады па арт.369 КК. Справу разглядаў суддзя Уладзімір Фёдаравіч, абвінаваўца — пракурор Мікіта Мыслівец, паведамляе «Вясна».
Паводле інфармацыі, апублікаванай на праўладным відэа, Аляксандр Малікаў у снежні 2021 года пакінуў у адной з сацсетак абразлівы каментар на адрас камандзіра вайсковай часткі, якая базуецца ў Лідскім раёне. Апошнія запісы абвінавачанага ў сацсетках датуюцца кастрычнікам 2023 года. Як мяркуецца, тады яго і затрымалі.
Сваю віну ў судзе ён не прызнаў, патлумачыў, што не меў на мэце абразіць вайскоўца.
Але суддзя Фёдаравіч прызнаў яго вінаватым і пакараў абмежаваннем волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і шэсць месяцаў і штрафу ў памеры 4 000 рублёў.
55-гадовы жыхар Гродзенскага раёна размяшчаў публікацыі ў адным з Telegram-каналаў са снежня 2020 па сакавік 2022 года. Паводле ч. 1 арт.368, арт. 188, ч. 2 арт. 367, арт. 369 КК яго асудзілі на два гады калоніі агульнага рэжыму. Дзяржабвінаваўцам па справе была Іна Куннікава, старшы памочнік пракурора Гродзенскага раёна.
Усяго за 2023 год у судзе Гродзенскага раёна разгледзелі тры справы «экстрэмісцкай накіраванасці».
Гродзенца затрымалі за рэпост Telegram-канала. Таксама сілавікі даведаліся, што ён уступіў у «План «Перамога».
Мужчына раней прыцягваўся па арт.19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і судзімы ў 2023 годзе па арт. 328 КК за незаконны абарот наркатычных сродкаў.
Паводле арт. 368 КК «Абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» жыхара Ліды Генадзя Жукеля асудзілі на год калоніі. Яго прызналі палітвязнем.
Мужчына патэлефанаваў у раённую міліцыю і выказаўся на адрас Лукашэнкі, калі размаўляў з дзяжурным. Вядома, што ў гэты момант ён быў п’яны. Раней яго ўжо судзілі за хуліганства і некалькі разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці. Прысуд агучылі 27 снежня 2023 года.
30 студзеня ў СШ № 1 Бярозаўкі затрымалі завуча Алу Чуйко і сакратара Святлану Козел. Прычына затрымання — лайкі і падпіскі на экстрэмісцкія каналы. Жанчыны заплацяць па 30 базавых велічынь штрафу (1200 рублёў).
«Школьнікі былі ў шоку, калі затрымліваць у школу прыйшлі пяць здаровых мужчын. <…> Што цікава, завуч зарэкамендавала сябе, як ябацька, але яе гэта не выратавала ад адказнасці!» — напісаў Telegram-канал «Задержания, суды в Лиде».
Прычынай стала распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце. Паведамляюць, што яго змясцілі ў ІЧУ.
Колькасць заведзеных за «экстрэмізм» крымінальных спраў у Гродзенскай вобласці зніжаецца. Але намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат усё роўна раіць выдаліць «сумнеўную інфармацыю» са сваіх сацыяльных сетак за апошнія пяць гадоў. І запэўнівае, што сілавікам галоўнае не пакараць людзей, а папярэдзіць.
Гродзенка Любоў Сарлай, якую яшчэ летась судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і некалькі разоў затрымлівалі на мітынгах, заклікала ісці на выбары дэпутатаў і сфатаграфавалася з Яўгенам Дудко, былым прэс-сакратаром УУС Гродзенскага гарвыканкама.
Двух лідчанак судзілі за атрыманне замежнай дапамогі па ч.2 арт. 24.15 КаАП. Верагодна, імі зацікавіліся пасля рэйду па сваяках палітвязняў. «Вясна» тады сцвярджала, што гэты артыкул у Беларусі раней не ўжываўся.
Вайскоўца-кантрактніка з вайсковай часткі ў Лідзе аштрафавалі ў мясцовым судзе. Мужчына паставіў на аватар у TikTok перайначаны герб нацысцкай Германіі. Гэта палічылі распаўсюджваннем нацысцкай сімволікі.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…