Гродзенка Любоў Сарлай, якую яшчэ летась судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і некалькі разоў затрымлівалі на мітынгах, заклікала ісці на выбары дэпутатаў і сфатаграфавалася з Яўгенам Дудко, былым прэс-сакратаром УУС Гродзенскага гарвыканкама.
«Голосуем, исключительно, за достойных кандидатов 👌», — падпісала яна фота ў Instagram. І дадала хештеги #25февраля і #обожаювыборы. Любоў заклікала галасаваць за дырэктара гродзенскага філіяла РУП «Белпошта» Андрэя Анісімава. Менавіта з «Белпошты» Любоў звольнілі ў 2021 годзе за прагул. Тады гродзенка хацела ўзяць адгул на 25 сакавіка, калі адзначаецца Дзень Волі, але ёй яго не далі.
Фота з Яўгенам Дудко яна падпісала #обожекакоймужчина і #малиновоеваренье. Дудко з прэс-службы УУС Гродзенскага аблвыканкама перайшоў у Гродзенскую абласную арганізацыю фізкультурна-спартыўнага таварыства «Дынама», дзе стаў намеснікам старшыні савета. У 2020 годзе ён быў на акцыях пратэсту і сачыў за затрыманнямі.
Чытайце таксама: УУС забараніла публікаваць эфір з міліцыянтам, які не адказваў на нязручныя пытанні. Але яго ўсё роўна можна паслухаць
Гродзенцы, якія не ведалі пра змену грамадска-палітычнай пазіцыі Сарлай, дзівяцца ў каментарах.
«Свайму сябру Дудко перадавай вітанкі ад сапраўдных гарадзенцаў. Можа ён не толькі з прадажнымі будзе фоткацца», — напісала палітэмінгрантка Юлія Сліўка. Некаторыя каментары, напрыклад, журналіста Руслана Кулевіча, Любоў ужо выдаліла. На іншыя адказвае смайлікамі.
Што паўплывала на змену пазіцыі Любові, невядома. Да гэтага Любоў удзельнічала ў забегах, арганізаваных уладамі, у якіх, як правіла, удзельнічаюць і сілавікі. Але зусім ужо непрыкрыты камінг аўт здзейсніла 9 лютага.
У 2020-м праславілася БЧБ-штанамі
Любоў неаднаразова затрымлівалі і судзілі пасля выбараў 2020 года. Спачатку яе затрымалі 31 кастрычніка 2020 года. Потым праваахоўнікі склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах за фота ў Instagram. Некаторыя справы спынілі за заканчэннем тэрміну даўнасці. Вядомай стала гісторыя пра штаны з БЧБ-лампасамі - за шпацыр у іх дзяўчына выплаціла штраф у 20 базавых велічынь (тады — 580 рублёў).
У красавіку 2023 года Любоў аштрафавалі на 30 базавых велічынь за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Чытайце таксама: Справу аб «самапікетуючых» штанах Любы Сарлай разгледзіць абласны суд. Гродзенка абскарджвае штраф у 580 рублёў