Яўген Дудко пакінуў прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама, дзе быў начальнікам службы інфармацыі і грамадскіх сувязяў. Ён перайшоў у гродзенскае Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» на пасаду намесніка старшыні савета. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала факты, якімі Яўген Дудко запомніўся на пасадзе.

Выкарыстаў мемы

У канцы мінулага года прэс-служба УУС адкрыла для сябе мемы і паспрабавала спажыць іх максімальную колькасць у адным відэа. Менавіта Яўген Дудко параіў ёсць малінавае варэнне, не «бегаць па дварах ва ўсю моц», і назваў гродзенцаў «неймавернымі».

«Яго мемы, малінавае варэнне, Беласнежкі і віншаванні на беларускай мове доўга трымалі «Топ Ютуба», — так ацанілі выступ у прэс-службе УУС.

Перапісваўся з пратэстоўцамі

Нехта, хто карыстаецца асабістым нумарам тэлефона Яўгена Дудко, пад нікам RIO перыядычна перапісваецца з пратэстоўцамі ў адным Telegram-канале. У паведамленнях ён абяцае: «Я да вас дабяруся» і абяцае дастаць «нават з полюса». Прыкладна з лютага 2021 года ён казаў, што «за кожным прыйдуць» і што ўсе ўдзельнікі на фотаздымках ідэнтыфікаваныя. «Ну што, вырадкі родныя, гатовыя. Я вас усіх люблю», — пісаў ён у лютым.

Яўген Дудко

  • 17 гадоў прапрацаваў у сістэме АУС.
  • Служыў ва ўнутраных войсках МУС, працягнуў служыць у АДАІ Лідскага РАУС на пасадзе інспектара па агітацыі і прапагандзе.
  • У 2010 годзе ўзначаліў аддзяленне агітацыі і прапаганды ва ўпраўленні абласной ДАІ.
  • З 2014 года ўзначаліў прэс-службу УУС Гродзенскага аблвыканкама.

Яго затрымлівалі на акцыях пратэсту

Яўгена Дудко ў натоўпе затрымлівалі па чатыры разы на дзень з 9 па 12 жніўня 2020 года. Праца па «ачыстцы вуліц «вялася настолькі актыўна, што нават «сваіх» не паспявалі ідэнтыфікаваць, распавёў ён у інтэрв'ю Беларусь 1.

 — Уяўляеце, калі ідзе група людзей, негатыўна настроеная, якая крычыць, выкрыквае лозунгі незразумела з якімі матывамі. Натуральна, мы знаходзіліся ўнутры, і пры затрыманні трапляла і нам у тым ліку. Таксама затрымліваліся і дастаўляліся ў службовы транспарт для разбору. Ужо пазней высвятлялася, што мы — супрацоўнікі міліцыі. Байцам АМАПу цяжка было пазнаць, гэта чалавек, які парушае, альбо гэта супрацоўнікі прэс-службы, — распавядаў ён.

Прыйшоў на эфір, дзе прапускаў пытанні

Яўген Дудко не стаў адказваць на нязручныя пытанні, звязаныя з палітыкай, у эфіры Радыё S13.live. У Instagram-акаўнце радыёвядучага Дзмітрыя Чэкана гродзенцы да пачатку эфіру задалі прадстаўніку УУС больш за сотню пытанняў. Многія паўтараліся. Госць загадзя папярэдзіў, што не будзе адказваць на тыя, што звязаныя з палітыкай. На многія іншыя не самыя зручныя пытанні Яўген Дудко адказваў проста: «Давай далей». Пазней эфір забаранілі публікаваць.

Яго звязваюць з Telegram-каналам «Гродненские сливы»

Некаторыя кажуць пра тое, што ў тым ліку Яўген Дудко вядзе Telegram-канал «Гродненские сливы». Канал распаўсюджвае асабістую інфармацыю грамадскіх і палітычных актывістаў, здагадкі і фэйкі пра іх, імкнучыся іх зганьбаваць. «Ніякага дачынення да іх не маю», — пракаментаваў Яўген Дудко падчас эфіру S13.live.

«Прадказаў» затрыманне галоўрэда Hrodna.life

Прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама пракаментавала затрыманне Аляксея Шоты 30 траўня. Аднак у рэдакцыі заўважылі, што відэа яны загрузілі яшчэ 28 траўня. У міліцыі прадказваюць будучыню?

Яўген быў і пры аглядзе ў рэдакцыі Hrodna.life 29 студзеня 2020 года. Здымаў працу міліцыі на відэа, нягледзячы на тое што там быў ягоны падначалены Яраслаў Васілеўскі, які таксама здымаў усё на відэа.

Сцвярджаў, што міліцыя не біла людзей

«Каля аўтазака мяне ўдарылі ў жывот з пытаннем, ці хачу я пераменаў». «Закінулі хлопца — у яго, хутчэй за ўсё, была пераламаная рука, другая — у крыві. Твары былі разбітыя ў многіх. Было дзве дзяўчыны — адной прама ў аўтазаку стала дрэнна. Яна ўпала, але ёй ніхто не аказваў дапамогу», — расказвалі Hrodna.life аб затрыманні 6 верасня 2020 года.

— Міліцыя не збівала грамадзян, — сказаў Hrodna.life Яўген Дудко.

Быў «ціхаром»?

«Ціхары» звычайна — супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія прыходзяць на масавыя мерапрыемствы ў цывільным адзенні. Яны зліваюцца з натоўпам і сочаць за правядзеннем акцый. На несанкцыянаваным мітынгу 24 жніўня 2020 года ў Гродне сярод пратэстоўцаў заўважылі падпалкоўніка міліцыі Яўгена Дудко. Сам жа Яўген гаварыў, што «супрацоўнікі міліцыі выконваюць свае абавязкі, як у форме, так і ў цывільным». Ён жа здымаў на камеру сустрэчу супрацоўнікаў «Хімвалакно» з уладамі 13 жніўня 2020 года.

Любіць спорт

Улетку 2021 года Дудко стаў намеснікам старшыні праўлення міні-футбольнага клуба «УУС-Дынама». «Гісторыя клуба, які мае не такую працяглую гісторыю, ужо багатая і шматстайная. Наперадзе будзе ве-е-ельмі цікава і ўражліва! Гэта я вам абяцаю. Ад падпісання тытулаванага трэнера і гульцоў да рэбрэндынгу назвы і эмблемы клуба», — пракаментаваў Яўген. Пры гэтым ён лічыць, што суддзі «топяць» яго каманду.

Вядзе сацсеткі, сябруе з прапагандыстамі

Яўген Дудко актыўна вядзе свае сацсеткі, дзе распавядае аб працы, футболе, адпачынку, рэцэптах і сям'і. Апошняя публікацыя — віншаванне ад прапагандыста Ігара Тура. Яе Яўген падпісаў так: «Лідскія заўсёды свае: душой, сэрцам і розумам!».

Чытайце таксама: «Кароль мемаў» Яўген Дудко сышоў з прэс-службы гродзенскай міліцыі