Серыйную вытворчасць аўтобусаў «Нёман» аднавіў лідскі філіял Мінскага завода колавых цягачоў. Першыя мадэлі ўжо выйшлі на маршрут, паведаміў Telegram-канал «Пул 4 регион».

У мадэлі «Прыгарадны» мадэрнізавалі колавыя аркі і крышку багажніка. З’явілася новая форма галаўной оптыкі і задніх ліхтароў, а таксама бампер. У салоне аўтобуса 29 месцаў для сядзення. Крэслы абшытыя экаскурай, маюць падгалоўнікі, падлакотнікі і рэгуліроўку. Максімальная хуткасць транспарта 100 км/г.




Выпуск аўтобусаў прыпынялі з-за санкцый
Выпуск аўтобусаў у Лідзе прыпынілі ў 2021 годзе. Прычына — санкцыі супраць Мінскага завода колавых цягачоў (МЗКЦ), які для вытворчасці аўтобусаў «Нёман» выкарыстоўваў шасі і агрэгаты італьянскай фірмы Iveco. У выніку на заводзе стварылі ўласную платформу для аўтамабіляў.
Завод «Нёман» у Лідзе адкрылі ў 1990 годзе. Пачаткова ён быў разлічаны на выпуск вайсковай тэхнікі. З 2014 года самастойнае ААТ «Лідскія аўтобусы «Нёман» змяніла назву на «Аўтасборачны завод «Нёман» і стала філіялам МЗКЦ.
Чытайце таксама: «Старавольскія злавілі момант». Як у Гродне рабілі ровары і матацыклы «Нёман»