Жывёлавод аднаго з КСУП (камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства) Ваўкавыскага раёна не карміў цяля. Тое проста памерла. Адказнага прымусілі выплаціць шкоду. Надзвычайнае здарэнне адбылося і на іншым прадпрыемстве вобласці. У Зэльвенскім раёне супрацоўнікі працавалі за даплаты і на дзве стаўкі — і не заўважылі, што лядоўня не працуе. Прапала 8700 літраў малака. З супрацоўнікаў спагналі больш за $ 1700 шкоды.
Цяля замарылі голадам
Цяля вагой 45 кг (такая вага ў іх пры нараджэнні — Hrodna.life) памерла з-за неналежнага выканання адказчыкам сваіх працоўных абавязкаў. Той не арганізаваў належнае кармленне жывёлы. Так заключылі ў судзе Ваўкавыскага раёна, дзе разглядалі справу аб кампенсацыі шкоды.
Памер шкоды — 216 рублёў. Самастойна жывёлавод яго не пакрыў. Іск ён прызнаў. Суд яго таксама задаволіў.
Супрацоўнікі працавалі на дзве стаўкі - і не ўсачылі за халадзільнікам
У Зэльвенскім раёне мясцовы КСУП не змог прадаць 8 700 літраў малака — яно скісла. Праверка выявіла, што псаванне малака дапусціў інжынер-энергетык. Пры рамонце выключальніка ён памяняў месцамі на клемах фазы. Спрацавала рэле абароны. У выніку амаль суткі халадзільнік не працаваў і малако не астуджалася. Слесар, які прыходзіў пасля інжынера, таксама не заўважыў няспраўнасць. Разам яны прычынілі шкоду на 5646,3 рублёў.
Шкоду з іх спаганялі праз суд — добраахвотна яго не пакрылі. З энергетыка хацелі спагнаць 4799,36 рублёў, са слесара — 846,94 рублёў.
У судзе аказалася, што інжынера і слесара насамрэч няма. Абавязкі інжынера-энергетыка выконваў тэхнік-электрык — вакансія на інжынера адкрыта. Яму ўсталявалі надбаўку за складанасць і напружанасць у працы да акладу ў памеры 470%. Мужчына заявіў, што аўтаматычны выключальнік, які ён замяніў, з’яўляецца ўводным. Гэта значыць, па яго словах, у выпадку, калі б пасля замены ён памяняў месцамі на клемах фазы, не працаваў бы не толькі першы халадзільнік (у ім сапсавалася малако), але і ўсё астатняе абсталяванне, якое дзейнічае ад сілавога шчыта. Між тым, астатняе абсталяванне працавала. Яго версію ў судзе абверг эксперт. Таксама ў судзе высветлілася, што выключальнікі ў шчыце часта выходзілі з ладу.
Абавязкі слесара таксама выконваў не спецыяліст — а жывёлавод. Ён падрабляў за даплату па распараджэнні брыгадзіра. Мужчына распавёў, што тады ў змену, калі ён не заўважыў непрацуючы халадзільнік, было шмат працы. Ён прызнаў іск.
Суд задаволіў іск да абодвух мужчын.
А яшчэ ў вёсцы п’янствуюць і бяруць хабары
У Гродзенскай вобласці супрацоўнікі сельгаспрадпрыемстваў кралі, злівалі паліва, каталіся п’янымі на камбайнах і бралі хабары. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, як гэта было падчас уборачнай кампаніі.