Будынак былой адміністрацыі гміны ў вёсцы Лойкі пад Гроднам. Фота: kufar.by
У вёсцы Лойкі, што ў 12 км ад Гродна, прадаецца амаль стогадовы будынак у стылі неабарока. Гэта міжваенная сядзіба гміны — польскага аналага сельсавета. Дзяржава прадала яго яшчэ ў 2016-м, але новыя гаспадары не далі рады аднавіць будынак. Зараз ён выстаўлены на «Куфар».
«Панский дом 1927 г постройки, настоящий царский керпич. Бывшее здание амбулатории. 12 км от города, сразу за Заречанкой.Все вопросы по телефону.Ограничений нет. Хорошо подойдёт под частный дом пристарелых», — піша прадавец (арфаграфія аўтара захаваная).
За двухпавярховы будынак плошчай 700 кв.м. ён хоча $ 68 500.
Будынак, паводле даследчыка Анатоля Федарука, быў пабудаваны ў 1920-я гады. Прадавец удакладняе ў аб’яве, што год пабудовы — 1927. Аднак па версіі канала «Спадчына», ён быў узведзены ў 1932 годзе.
Спачатку гэта была сядзіба гміны, у часы Другой сусветнай — нямецкая камендатура. У пасляваенны час у будынку працавала школа, амбулаторыя і аптэка.
Будынак прадаваў Сапоцкінскі сельсавет у 2015 годзе за $ 25 000 па тагачасным курсе. У 2016-м яго набыў прыватны ўласнік, але ўжо ў 2018 адмовіўся ад ідэі і выставіў яго на продаж на «Барахолцы» Onliner.by. Іван (такое імя было ў аб’яве) тлумачыў, што спачатку хацеў адкрыць аграсядзібу, але потым яго жыццёвыя планы быццам бы змяніліся і ён з’язджае жыць за мяжу — таму і прадае будынак. За яго ён хацеў $ 70 000, бо правёў некаторыя работы: заліў сцяжку на падлозе, правёў электрычнасць, ваду і каналізацыю. На той момант прадавец ацэньваў, што ўкласці ў будынак трэба было мінімум яшчэ $ 70 000.
Сёння стан будынка пакідае жадаць лепшага: на даху растуць бярозы, патрэбная рэстаўрацыя вокнаў, дзвярэй, рамонт даху і цалкам унутраны рамонт.
Пры гэтым пакупнік можа зрабіць з домам што заўгодна. Будынак не мае ніякага ахоўнага статусу. Але ёсць важная абставіна — увесь час у левай частцы будынка жыве сталая жанчына.
Стыль неабарока, які таксама называюць дварковым або польскім нацыянальным, — гэта від польскага мадэрну. Ён быў папулярны ў 1920-я гады. У такім стылі будавалі чыгуначныя вакзалы, адміністрацыйныя будынкі, жыллё для чыноўнікаў (так званыя «чыноўніцкія калоніі»). Галоўная асаблівасць — будынкі ў такім стылі нагадваюць шляхецкія сядзібы. Цікавыя прыклады будынкаў у гэтым стылі можна пабачыць на вуліцы Свярдлова і на Горкага ў Гродне.
Гродзенцы не ацанілі новыя канструкцыі для кветак на Савецкай. У красавіку на пешаходнай вуліцы ўсталявалі…
Тры злачынствы за "экстрэмізм" распачалі супраць падлеткаў у Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе. У тым…
«Такіх месцаў і ў свеце не так многа, а ў Беларусі нічога падобнага проста няма», —…
Пліта Ведніка Леаніда Анатольевіча, які, верагодна, загінуў на вайне супраць Украіны, з'явілася ў калумбарыі на…
Драўляны будынак у стылі канструктывізму 1930-х на Міцкевіча, 1 у Гродне перабудуюць у трохпавярховы гатэль…
Макраздымак райка (рус. - радужки) вока можна зрабіць у Гродне на вул. Будзённага. Закаханым прапануюць…