Расійскі цэнтр культуры і навукі хочуць адкрыць у Гродне да Дня адзінства народаў Расіі і Беларусі 2 красавіка. Ён стане ўжо чацвёртым у Беларусі.
Пра адкрыццё новага “Русского дома” ў Беларусі распавёў на прэс-канферэнцыі кіраўнік Россупрацоўніцтва Яўген Прымакоў, піша “Медиазона”. Такія цэнтры ўжо ёсць у Мінску, Брэсце і Гомелі.
Год таму ў Гродне адкрылі генеральнае консульства Расіі. Пад яго адвялі будынак былога дзіцячага садка для дзяцей з разладамі аўтыстычнага спектру на вуліцы Цаглянай 2/2, непадалёк ад Каложскага парку і Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Гэта другое генконсульства Расіі ў Беларусі. Першае, у Брэсце, працуе з 1994 года.
Чым займаюцца “Русские дома” ў Беларусі?
Пасля 2020 года іншыя грамадскія арганізацыі церпяць ад ціску беларускіх уладаў і не маюць магчымасці гэтак жа свабодна працаваць у Беларусі. На гэтым фоне “Русские дома” могуць мець вялікі ўплыў на беларусаў з дапамогай “мяккай сілы”, тлумачыў сацыёлаг Аляксей Ластоўскі “Медиазоне”.
“Русский дом” у Мінску існуе 12 гадоў. У сферы інтарэсаў арганізацыі дэкларуюцца культурныя, адукацыйныя і гуманітарныя праекты. “Русские дома” ў Беларусі знаходзяцца ў распараджэнні Россупрацоўніцтва — Федэральнага агенцтва па справах Садружнасці Незалежных дзяржаў, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве.
Чытайце таксама: Замкі разбураць не будуць, але назвы вуліц «пачысцяць». Як могуць уніфікаваць гісторыі Беларусі і Расіі
У 2022 годзе “Русский дом” у Мінску займаўся арганізацыяй мерапрыемстваў па папулярызацыі рускай культуры і мовы. У Гомелі па праграме «Прывітанне, Расія» і «Новае пакаленне» адпраўлялі дзяцей і моладзь на розныя мерапрыемствы ў расійскія гарады – і ў акупаваны Крым, парушаючы міжнароднае заканадаўства. “Русский дом” у Брэсце праводзіў сустрэчы жаночага клуба «Берагіня» для пенсіянераў і збіраў падарункі для сем’яў, у тым ліку з ЛДНР і акупаваных Расіяй Херсонскай і Запарожскай абласцей, праводзіў выставы пра Сталінград. Таксама “Русские дома” агітуюць беларускіх школьнікаў паступаць у расійскія ВНУ па квотах.
Чытайце таксама: У школе Гродна збіраюць прысмакі для дзяцей Данбаса. Ініцыятар – фонд прарасійскага актывіста Талая



