Літоўскі ўрад на год працягнуў абмежаванні ў дачыненні да грамадзян Расіі і пастанавіў узмацніць жорсткасць праверкі на мяжы для беларусаў, якія прыбываюць у Літву. Гэта закране ўсіх беларусаў з шэнгенскімі візамі.
«(…) у выпадках перасячэння мяжы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па шэнгенскай візе супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы абавязаны дадаткова ацаніць рызыкі і пры неабходнасці правесці больш дэталёвую праверку», — цытуе тлумачальную запіску да законапраекта Delfi.
Датычна расіян, абмежаванні пашырылі на юрыдычных асоб, бенефіцыярамі якіх з’яўляюцца грамадзяне Расіі, незалежна ад таго, ці ёсць у іх часовы або пастаянны від на жыхарства ў Літве. Абмяжоўваюць і магчымасць набыцця нерухомасці юрыдычнымі асобамі, звязанымі з Расіяй.
Абмежаванні працягнулі да 2 траўня 2025 года. Яны звязаныя з агрэсіяй Расіі супраць Украіны і падтрымкай гэтай агрэсіі беларусімі ўладамі.
На мяжы стане яшчэ горш
Дадатковыя праверкі могуць павялічыць і без таго вялікія чэргі на мяжы, звязаныя з закрытымі пунктамі пропуску ў Польшчы і Літве.
Акрамя таго, нядаўна літоўская пагранслужба заявіла, што магчыма скарачэнне часу працы астатніх пунктаў пропуску. Гэта можа дапамагчы забяспечыць якасць працэдуры праверкі, сказаў кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў. Адзін з магчымых шляхоў паляпшэння якасці працы памежнікаў - змяншэнне плыні тых, хто ўязджае, лічыць ён. Плынь жа беларусаў, якія ўязджаюць, пасля закрыцця пунктаў пропуску з Літвой «Лоша — Шумскас» у Гродзенскай вобласці і «Відзы — Трэрэчус» у Віцебскай, наадварот, павялічыўся праз астатнія.
Чытайце таксама: Візавыя цэнтры Польшчы і Літвы паднялі кошты на паслугі