Пасля закрыцця некаторых пагранпераходаў на літоўска-беларускай мяжы патокі грамадзян Літвы, якія выязджаюць у Беларусь, на астатніх пунктах зменшыліся. А вось беларусаў, якія ездзяць туды і назад, стала больш. Пра гэта расказаў кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў. Ён лічыць, што для больш якаснага кантролю трэба абмежаваць колькасць беларусаў, якія ўязджаюць у Літву, піша Delfi.

«Нашы грамадзяне сталі радзей ездзіць у Беларусь, але ўсё ж яшчэ ездзіць нямала. Патокі скараціліся, у першую чаргу, з-за пагаршэння ўмоў перасячэння мяжы, людзям даводзіцца стаяць у чэргах. Можа, дзейнічаюць і заклікі не ездзіць у Беларусь з-за пэўных пагроз для бяспекі і здароўя. Мы зараз не фіксуем вялікіх чэргаў і росту плыняў, магчыма, так усё і застанецца», — сказаў Любаеў.

Літоўцы ўскладняць уезд беларусам?

Урад Літвы хуткім часам павінен абмеркаваць прапановы па падвышэнні якасці кантролю на мяжы.

«У нашых інтарэсах — найлепшы кантроль за замежнікамі, якія ўязджаюць, я кажу пра грамадзян Расіі і Беларусі. Калі патокі такія вялікія, забяспечыць якасны кантроль складана, мы лічым, што адзін з магчымых шляхоў - памяншэнне патоку, каб забяспечыць якасць працэдуры праверкі», — растлумачыў Любаеў.

Ён лічыць, што калі КПП на мяжы з Беларуссю не зачыняць, то могуць абмежаваць час працы некаторых з іх.

Дзе мяжа з Літвой ужо зачынена

У канцы лета 2023 г. літоўскі бок закрыў пункты пропуску «Лоша — Шумскас» у Гродзенскай вобласці і «Відзы — Тверачус» у Віцебскай вобласці. Тады літоўцы патлумачылі гэта тым, што закрыццё памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю знізіць рызыку сутыкнення з пагрозамі.

Тады ж, у жніўні 2023, стала вядома, што ў выпадку абвастрэння адносін паміж Беларуссю і Літвой апошняя гатова закрыць яшчэ два пункты пропуску — «Лаварышкі» і «Райгардас» («Катлоўка» і «Прывалка» з беларускага боку).