Рапсавы шрот. Фота: latifundist.com
Першы намеснік дырэктара сельскагаспадарчага прадпрыемства ў Воранаўскім раёне «павёўся» на тэлефонны званок прадстаўніка фірмы, якая гандлюе шротам (канцэнтраваным кормам — Hrodna.life). Яны прапаноўвалі нізкую цану. Кіраўнік пагадзіўся і нават пайшоў на парушэнне інструкцый. Склалі дамову, атрымалі накладныя — а тавар так і не прыйшоў. Адказваць давялося намесніку дырэктара.
Першы намеснік дырэктара прадпрыемства (верагодна, гаворка пра КСУП «Бальцішкі») з лютага па сакавік 2023 года выконваў абавязкі дырэктара, пакуль той быў у адпачынку. Мужчына вырашыў набыць у прыватнага прадпрыемства 61 тону соевага і рапсавага шроту на 88 932 рублёў (2 403,57 базавых велічынь). Па тэлефоне і пошце склалі дамову на кошт крыху меншы — 88 740 рублёў (2 398,38 базавых велічынь). Бухгалтар праверыла фірму — яна была зарэгістраваная.
Згодна з правіламі прадпрыемства, калі кошт тавару складае 1000 базавых велічынь і больш, трэба праводзіць працэдуру закупкі. Таму, не правёўшы закупку, мужчына парушыў патрабаванні статута і службовай інструкцыі і перавысіў паўнамоцтвы.
Па двух накладных прадпрыемства павінна было паставіць 29 тон соевага шроту і 32 тоны рапсавага шроту. Бухгалтар перавяла перадаплату, але пастаўку ТАА так і не зрабіла. Так в. а. дырэктара прычыніў прадпрыемству матэрыяльную шкоду 50 000 рублёў - гэта 1 351,35 базавыя велічыні, што лічыцца асабліва буйным памерам.
Мужчына прызнаў віну. Ён распавёў, што прадстаўнікі ТАА на яго выйшлі самі. Ён спачатку адмовіўся — маўляў, яны працуюць толькі па дзяржзакупках. Але іх цана на шрот была ніжэй, чым у іншых пастаўшчыкоў. А сітуацыя на рынку, распавёў в. а. дырэктара, нестабільная. Таму ў выніку мужчына пагадзіўся. Накладныя прыйшлі на пошту, кіроўцы пацвердзілі загрузку. Але да прызначанага часу пастаўкі не было. На яго званкі ні кіроўцы, ні прадстаўнік фірмы не адказаў. КСУП звярнуліся ў Воранаўскі РАУС. Так в. а. прызнаўся, што парушыў закон.
Прысуд паводле ч. 3 арт. 426 КК «Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў» вынеслі 26 снежня 2023 года ў судзе Воранаўскага раёна. Мужчыну асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі без штрафу з пазбаўленнем на пяць гадоў права займацца дзейнасцю, звязанай з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў. Да яго ўжылі адтэрміноўку выканання прызначанага асноўнага і дадатковага пакаранняў на тры гады. Гэта значыць, што калі на працягу трох гадоў мужчына не будзе парушаць закон, пакаранне будзе лічыцца адбытым.
Начальнік будзе «адзначацца» ў РАУС і без яго дазволу не зможа пераехаць.
Лёс фірмы, якая выйшла з прапановай, у прысудзе не раскрываецца.
Чытайце таксама: «Іншыя згодныя працаваць на такіх умовах». Намначальніка «Гродна Азот» асудзілі за хабар — даваўшы прыйшоў з павіннай
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…
На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…