Гродзенскі аблвыканкам дазволіў да канца 2024 года вывозіць у Літву і Польшчу для асабістага спажывання прадукты харчавання звыш норм, якія ўстаноўлены для вывазу за межы Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС). Рашэнне апублікавана на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 24 студзеня і ўступае ў сілу з моманту апублікавання.

Рашэнне падпісалі кіраўнік аблвыканкама Уладзімір Каранік і ўпраўляючы справамі выканкама Іван Курман. Яно ўзгоднена з памежным камітэтам і мытным камітэтам.

Такое ж рашэнне дзейнічала ў Гродзенскай вобласці і ў 2023 годзе — мясцовыя ўлады таксама дазвалялі вывозіць літоўцам і палякам прадукты звыш нормы.

Якія прадукты нельга вывозіць з Беларусі

Абмежаванні на вываз прадуктаў прыняў урад Беларусі ў красавіку 2022 года для «стабілізацыі сітуацыі на спажывецкім рынку і забеспячэння нацыянальнай харчовай бяспекі».

Вывозіць за межы ЕАЭС забаронена:

  • больш за 2 кг мукі пшанічнай,
  • больш за 1 кг грэчкі, рысу, маннай або аўсянай крупы, макарон, солі, цукру,
  • больш за тры бляшанкі мясных, малочных або рыбных кансерваў (гэта абмежаванне не тычыцца дзіцячага харчавання),
  • больш за 1 л алею.

Лукашэнка: палякі і літоўцы хочуць беларускую грэчку

У красавіку 2022 Аляксандр Лукашэнка казаў, што жыхары Польшчы, Літвы і Латвіі быццам бы стаяць уздоўж беларускай мяжы і просяць прапусціць іх, каб купіць грэчкі і солі.

«Вы паглядзіце, што адбываецца з суседнімі Літвой і Латвіяй, палякамі. Я пра Украіну ў дадзеным выпадку ўжо не кажу. Яны ж былі такія шчаслівыя, вясёлыя. Жылі ў „заможным“ свеце, у іх усё было. І дзе яны сёння? Яны стаяць уздоўж мяжы і просяць нас, каб мы іх прапусцілі ў Беларусь. Хоць бы грэчневай крупы купіць. Ладна крупы — солі няма, солі просяць у нас», — расказваў Лукашэнка.

Тады ж для грамадзян суседніх краін увялі бязвізавы ўезд у Беларусь, які дзейнічае дагэтуль. Жыхары Літвы і Польшчы пачалі тады прыязджаць у Гродзенскую вобласць з эканамічнымі мэтамі — закупіцца танным палівам і цыгарэтамі, а таксама прадуктамі.

Беларускія журналісты тады высветлілі, што праблем з соллю і грэчкай у Літве і Польшчы няма. Прадукты атрымліваюцца даражэйшыя, чым у Беларусі, але застаюцца цалкам даступнымі для жыхароў гэтых краін.