У Гродзенскай вобласці з 239 разгледжаных заявак на работу ў сферы фізічнай культуры і спорту задаволілі 208. Адмовілі ў дзяржаўнай акрэдытацыі 31 заяўніку. З новага года такая акрэдытацыя стала абавязковай для ўсіх, хто праводзіць спартыўныя заняткі і трэніроўкі, у тым ліку для спортклубаў, фітнес-трэнераў і цэнтраў, трэнажорных залаў. Сярод умоў – профільная адукацыя і ідэалагічная чысціня.
Усяго ў гарадскую і раённыя камісіі паступілі 252 заяўкі. У адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і ІП у Гродзенскай вобласці было 276 суб’ектаў у сферы спорту – яшчэ 24 проста не звярнуліся па акрэдытацыю.
З пададзеных заявак у акрэдытацыі адмовілі адной дзяржаўнай установе з Карэліцкага раёна, васьмі прыватным арганізацыям з Гродна, 20 індывідуальным прадпрымальнікам (17 з Гродна, тры – са Шчучынскага, Лідскага і Зэльвенскага раёнаў) і дзвюм федэрацыям па відах спорту – у Гродне і ў Лідскім раёне.
Адны з асноўных умоў для атрымання акрэдытацыі:
- афіцыйная профільная адукацыя для педагагічнай дзейнасці ў сферы фізкультуры і спорту,
- дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць месца для заняткаў або спартыўных мерапрыемстваў, якое адпавядае санітарна-гігіенічным патрабаванням,
- даведка з міліцыі аб адсутнасці непагашанай або не знятай судзімасці і адсутнасці “фактаў дэструктыўнай дзейнасці ў дачыненні да дзяржавы” – гэта значыць судзімасцяў па “палітычных” артыкулах.
“Мы выхоўваем маладое пакаленне, будучыню нашай краіны. Наш прэзідэнт не раз гаварыў аб тым, што патрыёта можа выхаваць толькі сапраўдны патрыёт. Таму важна, каб у кожнай сферы, у тым ліку і ў спорце, працавалі людзі, якія любяць і паважаюць родную краіну”, – цытуе начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Максіма Малахоўскага “Гродзенская праўда”.
Раней у Беларусі пастанавілі не дапускаць да абавязковай атэстацыі для працы праз судзімасці па «пратэстных» ці «палітычных» артыкулах экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.
За працу без акрэдытацыі – штраф
З 1 студзеня 2024 года дзейнасць арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў без дзяржакрэдытацыі стала незаконнай. За яе будуць караць паводле адміністрацыйнага кодэксу: штраф складзе 50 базавых велічыняў (2 тыс. рублёў).
Многія не паспелі
Аб неабходнасці акрэдытацыі стала вядома ў канцы чэрвеня 2023 года. Суб’екты, якім камісія адмовіла, змогуць звярнуцца зноў пасля выпраўлення ўсіх парушэнняў. Відавочна, што “факты дэструктыўнай дзейнасці” ў мінулым выправіць не атрымаецца.
Прайсці перападрыхтоўку магчыма, але яна доўжыцца каля палутара-двух гадоў. Увосень спартыўныя ўніверсітэты не маглі адужаць наплыў ахвотных. Толькі ў БДУФК чарга складала больш за 200 чалавек. Некаторыя фітнес-клубы пасля Новага года не адкрыліся – “з незалежных ад іх прычын”.
Чытайце таксама: Аграсядзіб у Гродзенскім раёне стала ўдвая менш: як дабівалі квітнеючую сферу



