Гродзенцы актыўна публікуюць у Instagram сторы з новай установы. Кафэ Myloverberry на Кірава, 3 адкрылася 18 студзеня 2024 года – і ў першыя дні там не заўсёды можна было знайсці вольнае месца. Наведвальнікі пакідаюць як захопленыя водгукі, так і больш крытычныя заўвагі. Мы іх прачыталі, а яшчэ даведаліся, што ў меню новай гродзенскай установы.

«Ружовае царства» – які інтэр’ер у Myloverberry

«Быццам схадзіў у госці да Барбі», «зефірнае месца», «ружовае царства» – пішуць пра новую кавярню гродзенцы ў Instagram. Многія хваляць інтэр’ер, спагадны персанал, але ёсць і крытычныя заўвагі. Напрыклад, камусьці здаліся не вельмі зручнымі столікі пасярэдзіне залы (“вакол цябе ходзяць туды-сюды”) і пасадкавыя месцы на вялікіх падваконніках (маўляў, высока).

У кафэ прыгожы арыгінальны посуд, але па водгуках прыгажосць часам ідзе ў шкоду зручнасці. Напрыклад, ручкі кубкаў можа быць складана ўхапіць, а талеркі – прыпадняць.

Што па меню і цэнах?

Кафэ-кандытарская спецыялізуецца на трускаўцы ў шакаладзе. Але ў меню ёсць і сняданкі, і безалкагольныя кактэйлі, і алкаголь. Сняданкі падаюць цэлы дзень. Сярод алкагольных напояў ёсць, напрыклад, фірмовы кактэйль “Myloverberry club”. У яго склад уваходзіць джын, кафір, клубніцы і дэсерт макарон.

Выпіць каву ў Myloverberry каштуе ад 4 (эспрэса, амерыкана) да 8 рублёў (раф, флэт уайт). Аўтарская кава – накшталт бананавага латэ або макачына з нутэлай – каштуе даражэй: ад 10 да 13 рублёў.

Снедаць можна аўсянкай з марожаным (9 рублёў), вафлямі (ёсць варыянты з мясам, крэветкай або марожаным – 15-16 рублёў), сырнікамі (11 рублёў).

Дэсерты вы ў меню не знойдзеце. Яны выстаўлены на вітрыне: моці, медавікі, напалеоны і іншыя пірожныя. Кошт дэсертаў – 7,5 – 12,5 рублёў.

Час працы: 9.00-22.00
Забраніраваць столік загадзя нельга.

Глядзіце таксама: Якія шакаладныя дзівосы прадаюць гродзенцы ў Instagram