Затрыманні закладчыкаў забароненых рэчываў, рэйды сілавікоў на падпольныя лабараторыі, выказванні службоўцаў з Міністэрства ўнутраных спраў, якія выступаюць за ўсё большыя тэрміны па «наркатычных» артыкулах — такія інфармацыі з’яўляюцца ў медыях рэгулярна. Значыць, псіхаактыўныя рэчывы нейкім чынам існуюць і распаўсюджваюцца ў нашых гарадах. Як гэта адбываецца, чаму ў нас так шмат стэрэатыпаў пра псіхаактыўныя рэчывы і як выглядаюць гарады з больш ліберальнай наркапалітыкай, чым у Беларусі, у падкасце «Утульны горад» пагаварылі з наркаактывістам Міхасём.
Слухайце выпуск цалкам у аўдыёверсіі або чытайце тэзісна і ў вялікім скароце ніжэй.
Як правільна называць: псіхаактыўныя, кантраляваныя ці наркатычныя рэчывы?
Для размовы пра сувязь псіхаактыўных рэчываў і беларускіх гарадоў трэба ад пачатку вызначыцца з тэрмінамі. У побытавай размове усе тыя рэчывы, за захоўванне і распаўсюд якіх можна патрапіць пад крымінальную адказнасць, мы часта называем наркотыкамі. Наркаактывісты і наркаактывісткі настойваюць, што наркотыкамі карэктна называць апіёіды — рэчывы, якія звязваюцца з апіёіднымі рэцэптарамі арганізма. Для ўсіх астатніх рэчываў лепей ужываць выраз «псіхаактыўныя рэчывы» ці «кантраляваныя рэчывы» (рэчывы, распаўсюд якіх кантралюецца дзяржавай).
Хаця за коранем «нарка» замацавалася моцная стыгма, наркаактывісты і наркаактывісткі, якія выступаюць за змены ў наркапалітыцы, прысвойваюць сабе менавіта гэты тэрмін. Наркапалітыкай у сваю чаргу называюць сукупнасць мер і стратэгій, праз якія дзяржава рэгулюе вытворчасць, распаўсюд і спажыванне псіхаактыўных сродкаў.
Статыстыка: Якія наркотыкі ўжываюць гродзенцы і што гэта значыць
Жорсткая наркапалітыка — ці працуе яна?
Беларуская наркапалітыка — адна з самых суворых у рэгіёне. Крымінальная адказнасць пагражае тым, у каго знойдуць нават маленечкія часцінкі забароненых рэчываў. Супольнае спажыванне, напрыклад, калі спажыўцы кураць канабіс і ў працэсе перадаюць адно аднаму «касяк», беларускія суды часта трактуюць як распаўсюд наркатычных сродкаў групай асоб. За гэта пагражае не менш за 8 год.
Нягледзячы на такую жорсткую наркапалітыку, колькасць людзей, якія знаходзяцца на ўліку ў сувязі з нарказалежнасцю, у Беларусі ўвесь час расце: пра гэта кажуць самі прадстаўнікі МУС.
Як працуюць закладкі
Тым часам у беларускіх гарадах квітнее распаўсюд кантраляваных рэчываў праз інтэрнэт. Спецыялізаваныя сайты і Telegram-боты прапануюць шырокі асартымент, а закладкі распаўсюджваюць праз маладых людзей, якія прагнуць простых грошай. Як звычайна распаўсюджваюцца закладкі? Напрыклад, да пакунка можна прыматаць магніт і схаваць пад жалезным падваконнем ці парэнчамі ў старым доме без дамафона. Таксама закладкі пакідаюць проста ў парках ці ў дварах — перад гэтым пакункі маскіруюць пад каменне ці нейкае смецце.
Пакупнікам, якія замовілі сабе пэўнае рэчыва праз нелегальны маркетплэйс, дасылаюць фатаграфію з месцам, дзе іх чакае закладка. Аднак здараюцца форс-мажоры: на месцы, дзе чакаюць рэчывы, раптам з’яўляюцца іншыя людзі, перад якімі пакупнікі баяцца дастаць закладку. Тых, хто прадае рэчывы, такія праблемы ўжо не турбуюць: яны атрымліваюць грошы загадзя.
Прытоны і гераін застаюцца ў мінулым
Дзякуючы серыялам і фільмам пра «страшныя дзевяностыя» у нас у галовах дагэтуль існуе стэрэатып, што ў гарадах існуюць прытоны, куды з усяго горада сыходзяцца спажыўцы розных рэчываў. Нашае ўяўленне дамалёўвае нам страшныя карціны з бруднымі шпрыцамі, якімі спажыўцы ўводзяць сабе гераін.
Насамрэч, як кажа Міхась, тыя прытоны з дзевяностых амаль адышлі ў мінулае: сілавікі працуюць занадта эфектыўна, таму ніхто не рызыкуе арганізоўваць у сябе ў кватэры месцы масавага спажывання. Тым не менш Міхась не выключае, што асобныя месцы, дзе людзі спажываюць разам, могуць захоўвацца. Аднак звычайна там збіраюцца людзі, добра знаёмыя паміж сабой.
Больш за тое, нават той «легендарны» гераін даўно не карыстаецца такой папулярнасцю: большасць спажыўцоў пераходзяць на больш танныя сінтэтычныя рэчывы.