Свежыя вакансіі – апублікаваныя 17-19 студзеня 2024 на сайце Дзяржаўнай службы занятасці – прагледзела “Газета Слонімская”. У дзясятку «грашовых» уключылі прапановы працы з заробкам не менш за 1500 рублёў у месяц. Ёсць і месцы, дзе заплаціць да 3500 рублёў.

Сярэдні заробак па Гродзенскай вобласці ў лістападзе 2023 года склаў 1783,9 рубля. Гэта зарплата да выліку падаткаў і ўзносаў на сацыяльнае страхаванне. Г.зн. на рукі супрацоўнік атрымае суму, меншую на 14%.

Самыя высокія заробкі – у шэф-кухара і дырэктара філіяла

Шэф-кухар у “Кронан Парк Гатэль” можа атрымліваць 3000 – 3500 руб. Патрабаванне: сярэдняя спецыяльная адукацыя. Сярод адказнасці суіскальніка будуць: падбор і навучанне персаналу, матывацыя супрацоўнікаў, паўнавартаснае кіраванне працай кухні і кантроль якасці прыгатавання страў.

Столькі ж гатовы заплаціць дырэктару філіяла ў «Белэксімгарант». Патрабаванні: вышэйшая адукацыя і досвед працы ў страхаванні. Зарплата – 3000 – 3500 руб.

Сярэдняя і вышэй – начальніку, інжынеру і ліцейшчыку

Начальнік аддзела кадраў Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы можа разлічваць на заробак 1800 руб. Патрабаванні – вышэйшая адукацыя.

Інжынер па эксплуатацыі і рамонце абсталявання з вышэйшай адукацыяй на ЗАТ «ДЫФА» можа разлічваць на заробак 2000 руб. Дадатковыя патрабаванні: ведаць сістэму тэхнічнага абслугоўвання і рамонту абсталявання; агульныя прынцыпы ўладкавання абсталявання, яго механізмаў, сістэм кіравання і прывадаў: электрычных, электронных, гідраўлічных, пнеўматычных; правілы выканання чарцяжоў, эскізаў, схем; праграмы аўтаматызаванага праектавання.

Ліцейшчык на машынах для ліцця пад ціскам з агульнай сярэдняй адукацыяй на УП «Цветліт» будзе атрымліваць 2000 – 2500 руб. Магчымае навучанне на месцы працы.

Амаль сярэдняя – ветурач, слесар, кадравік

Ветэрынарны ўрач з вышэйшай адукацыяй на ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” будзе атрымліваць 1700 руб. Там жа шукаюць супрацоўніка на вакансію вытворцы натуральнай каўбаснай абалонкі. Патрабаванне – прафесійна-тэхнічная адукацыя. Заплацяць яму крыху менш – 1600 руб.

Начальнік аддзела тэхнічнага кантролю на новай пляцоўцы ААТ “Гродзенскі шклозавод” у Аульсе можа атрымліваць зарплату 1200 – 1700 руб. Ён будзе кіраваць работай аддзела тэхнічнага кантролю пры вытворчасці шклотары. Патрабаванні да гэтай вакансіі: вышэйшая адукацыя. Праўда, у вакансіі адзначана, што кандыдатура ўжо падабрана і ідзе працэс узгаднення.

Кухар з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй на ААТ “Гродзенскі мясакамбінат” будзе атрымліваць 1500 руб.

Слесар-рамонтнік з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй на ААТ “БелТАПАЗ” атрымае зарплату 1500 руб.

Спецыяліст па кадрах на гродзенскай гарбарні (РУП “Гродзенскае вытворчае гарбарнае аб’яднанне”) можа разлічваць на зарплату 1400 – 1500 руб. Патрабаванне – вышэйшая юрыдычная адукацыя.