Жыхарка Зэльвенскага раёна пасварылася з сынам і ўдарыла яго. За ёй прыехала міліцыя. У пастарунку сілавікі знайшлі ў яе «экстрэмісцкую» падпіску. У выніку жанчыну судзілі па двух артыкулах — штраф па адной з ёй быў у 10 разоў большым.
Сям’я скандаліла ўвечары каля 23.00. У мамы паўстаў канфлікт з сынам: яна лаялася на яго матам, гучна крычала, выганяла з хаты, ударыла яго далонню па твары.
Пазней у кабінеце міліцыянта ў 2.30 сілавікі выявілі, што жанчына была падпісаная на «экстрэмісцкую» групу ў «Аднакласніках». Яна не памятала, калі падпісалася на яе.
Адміністрацыйная справа паводле ч. 2 арт. 10.1 КаАП «Наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання» і ч.2 арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» разгледзелі 5 студзеня 2024 года ў судзе Зэльвенскага раёна. За ўдар яе аштрафавалі на тры базавыя велічыні (120 рублёў), за падпіску — на 30 (1200 рублёў) з канфіскацыяй мабільнага тэлефона. Разам штраф склаў 1320 рублёў.
Чытайце таксама: У снежні ў Навагрудку за лагатыпы судзілі шэсць работнікаў медыцынскіх устаноў