У Гродне адкрылі новы Цэнтр ранняга ўмяшальніцтва для дзяцей. Ён размяшчаецца ў мікрараёне Альшанка, паведаміў «Гродна Плюс».

Што гэта за цэнтр і навошта ён патрэбен

Цэнтры ранняга ўмяшальніцтва дапамагаюць дзецям з парушэннямі ў развіцці альбо рызыкай з’яўлення такіх парушэнняў. У такіх цэнтрах спецыялісты аказваюць медычную дапамогу дзецям да трох гадоў і дапамагаюць ім кампенсаваць адхіленні ў развіцці.

У цэнтр звычайна накіроўвае педыятр альбо неўролаг. Таксама бацькі могуць самастойна туды звярнуцца, калі іх нешта хвалюе. На першасным прыёме бацькі могуць атрымаць прафесійную ацэнку стана дзіцяці, тлумачэнне, якая патрэбна дапамога, а таксама псіхалагічную падтрымку. У залежнасці ад стана дзіцёнка лекары прапісваюць курс заняткаў на акрэслены перыяд.

Якія цэнтры ранняга ўмяшальніцтва ёсць у Гродне

Гэта ўжо трэці падобны цэнтр у Гродне. Першы — «Праменьчык» — адкрылі ў 2018 годзе. Ён размяшчаецца на базе дзіцячай паліклінікі № 1 на вуліцы Даватара. Там ёсць пакоі масажа і гідрамасажа, кінезатэрапіі, цепла- і галалекавання, а таксама басейн. З дзецьмі працуюць лагапеды і дэфектолагі.

Другі - «Клопат» — працуе з 2019 года на базе Дзіцячай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі на вуліцы Гагарына. Там працуе лекар-рэабілітолаг, лагапед-дэфектолаг, псіхолаг, а таксама тэхнік-масажыст.

Агулам у Беларусі працуе каля 40 цэнтраў ранняга ўмяшальніцтва. У Гродзенскай вобласці яны ёсць таксама ў Лідзе, Ваўкавыску, Слоніме і Астраўцы.