Усяго за гадзіну праверкі ў гродзенскай краме расійскай сеткі «Дабрацен» супрацоўнікі Камітэта дзяржкантролю сабралі пяць калясак з пратэрмінаванымі прадуктамі і таварамі без апазнавальных знакаў.

Праверка прайшла 12 студзеня. На той момант у краме прадаваўся хлеб з цвіллю, выпечаны 4 студзеня 2024 года. Тэрмін прыдатнасці на яго скончыўся 10 студзеня. Супрацоўнікі КДК сабралі ў «Дабрацэне» цэлую каляску хлебабулачных вырабаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, расказала вядучая дзяржаўная інспектарка Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Марына Чачотка на СТВ.

Таксама ў краме прадавалася салёная грудзінка з тэрмінам прыдатнасці, які скончыўся тыдзень таму. Тэрмін прыдатнасці фаршу, які быў у продажы, скончыўся ў лістападзе мінулага года. Усяго з «халодных» вітрын канфіскавалі больш за 40 кг ежы. Сярод яе было мяса, пра якое не было звестак у саміх прадаўцоў, не было і інфармацыі для пакупнікоў. У 20 кг свежамарожанай рыбы скончыліся тэрміны прыдатнасці. У некаторай, напрыклад, ласасёвага кіжуча, было разарванае пакаванне, філе гарбушы пажаўцела.

Шмат працаўнікоў крамы пайшлі на бальнічны, таму не даглядзелі, патлумачыла сітуацыю таваразнаўца. Краме выпісалі штраф і абавязалі прыбраць сапсаваныя тавары.

Ёсць праблемы і ў іншых крамах Гродзенскай вобласці, прызнала вядучая рэвізорка абласнога КДК Наталля Богдан. У трох крамах знайшлі каля 4 кг пратэрмінаванай мясной прадукцыі, 2 кг кандытарскіх вырабаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. У адной з буйных крамаў Гродна канфіскавалі больш за 8 кг каўбасных вырабаў без маркіроўкі.

Адзіны ў Гродне сеткавы дыскаўнтар «Дабрацэн» адкрылі на Вішняўцы на скрыжаванні вуліцы Паўднёвай і Індурскай шашы ўвесну 2023 гады.