Гродзенскія чыноўнікі збіраюцца пракласці новую лыжню і заліць больш каткоў. А яшчэ зразумелі, што гродзенцам патрэбная цюбінгавая траса бліжэй, чым у Каробчыцах – і вырашылі яе збудаваць. Толькі не гэтай зімой.

Больш за ўсё просьбаў ад гродзенцаў звязана менавіта з рухомымі відамі актыўнасцяў на вуліцы, падзяліліся на “Гродно Плюс”.

Зараз у Гродне заліта 11 каткоў. Новую пляцоўку залілі на бульвары Ленінскага камсамола, 19. Колькасць каткоў павялічаць яшчэ, паабяцаў намеснік начальніка аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Дзмітрый Брычак.

Больш стане і пракладзеных лыжных трасаў. Зараз у горадзе іх 15, плюс ёсць лыжня ў лесапарку Пышкі. Яшчэ адну ўлады збіраюцца пракласці ў Румлёва – аб гэтым просяць жыхары.

Горкі вырашылі не толькі забараніць, але і ўладкаваць

“У гэтым годзе востра стаіць неабходнасць цюбінга, – заявіў Дзмітрый Брычак журналістам. – У сувязі з гэтым распрацоўваецца пытанне пабудовы ў горадзе спецыялізаванай трасы для цюбінга ў самым размяшчэнні горада. На дадзены момант такой трасы няма. Спадзяемся, у наступным годзе і ў горадзе Гродна, дзесьці бліжэй да цэнтра траса”.

Падобна, службоўцы задумаліся аб уладкаванні трасы ў горадзе пасля нядаўняга выпадку з шасцігадовай дзяўчынкай. Дзіця каталася на цюбінгу на горцы з трамплінамі ў Альшанцы і ўпала. Вынікам стала адкрытая чэрапна-мазгавая траўма, удар галаўнога мозгу, пералом костак зводу чэрапа і іншыя пашкоджанні. Дзяўчынку выратавалі, а горку прызналі небяспечнай і засыпалі пяском з соллю. “На кантролі і іншыя неабсталяваныя горкі”, – падзяліліся на “Гродна Плюс”. Гэта значыць, усе – абсталяваная цюбінгавая траса ёсць толькі ў “Каробчыцкім Алімпе” за горадам.

Праблема з’явілася не ў гэтым годзе

За гэты зімовы сезон толькі да 8 студзеня 50 дзяцей паступілі ў траўмапункт абласной клінічнай дзіцячай бальніцы пасля катання з горак. Але праблема з цюбінгамі з’явілася не сёлета, як сказаў чыноўнік. Так, у 2019 годзе з-за катання на цюбінгу ў Магілёве загінуў 24-гадовы хлопец, трое патрапілі ў рэанімацыю ў Мінску. Цюбінг небяспечны тым, што калі пачынае круціцца, пасажыр страчвае арыентацыю ў прасторы, а саскочыць у час руху амаль немагчыма.

“Горад мог не толькі блакаваць небяспечныя горкі (з трамплінамі, з праездамі для аўтамабіляў унізе і г.д.). Як варыянт, у кожным мікрараёне можна арганізаваць бяспечную зону: адзначаць яе, прыбіраць перашкоды, сачыць за яе станам (як гэта зроблена ў Каробчыцах)”,- прапануюць аўтары канала Urban Hrodna.