Да свята Раства вядучы СТБ Рыгор Азаронак з’ездзіў у Гродна ў жаночы манастыр, якім кіруе ігумення Гаўрыіла. Але размова ў яго сюжэце ішла зусім не пра свята Божага Нараджэння. Перадусім Азаронак і Гаўрыіла спаборнічалі ў нахвальванні Лукашэнкі і зневажанні з’ехаўшых беларусаў, а таксама ўкраінцаў, што бароняць сваю радзіму ад агрэсара.
“Калі б нашыя сябры, як я іх называю, якія хацелі звяршыць дзяржаўны пераварот […] сказалі б кіраўніку краіны: “Аляксандр Рыгоравіч, ну аступіліся, ну мы грэшныя людзі, […] прабачце нас, мы паддаліся на д’ябальскія хітрыкі” – было б усё інакш. Яны б не страцілі радзіму, яны б не з’ехалі з радзімы, дзе іх карані, блізкія…”, – кажа Гаўрыіла.
“Ганарлівасць – гэта адзін з сямі смяротных грахоў. Калі яны ў гэтым не пакаюцца – прамая дарога ў пекла. Але ж прэзідэнт, у яго літасцівае сэрца, ён прабачыць. Калі б прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч наш, не дараваў бы тым, хто правініўся, то тады, напэўна, мала б людзей было на свабодзе”, – працягвае настаяцельніца сваю думку.
Таксама Гаўрыіла расказвае ў перадачы пра “сусветны ўрад” і яго задачу “сутыкнуць паміж сабой праваслаўных”, пра “адурманеных украінцаў”, якія нібыта “пад наркатой” змагаюцца з расійскімі акупантамі,
“Беларусі ўдаецца захоўваць мір: малітвамі царквы, працай прэзідэнта”, – падтрымлівае Гаўрыілу словамі Рыгор Азаронак. Тая ў адказ называе Аляксандра Лукашэнку “новым Аляксандрам Неўскім”.
«Кожны бягун, як збег ад нас. Ты лепш вярніся, няхай з табой папрацуюць таварышы з міліцыі, сумленныя, парадачныя, цябе да парадку прывядуць. І ты зноў станеш тым, кім ты можа быў», — кажа Гаўрыіла бліжэй канца сюжэта.
Хто такая ігумення Гаўрыіла
Гаўрыіла (свецкае імя — Марыя Мікалаеўна Глухава) нарадзілася ў Саратаве, скончыла школу ў Жыровічах, вучылася ў Ленінградзе. У 1988 годзе прыняла манаства, працавала ў Іерусаліме і Маскве, з 1992 года кіруе жаночым Свята-Раства-Багародзіцкім манастыром у Гродне. Гаўрыіла вядомая сваімі пралукашэнкаўскімі і прарасійскімі поглядамі, нянавісцю да ўсяго заходняга і радыкальнымі ідэямі. Напрыклад, яна прапаноўвала забіраць у манастыр дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі правоў.
Ігумення Гаўрыіла асабліва праславілася восенню 2020 года. Спачатку яны назвала пратэстоўцаў “раз’юшаным статкам”, а потым насіла торты ў падарунак гродзенскаму АМАПу і міліцыі. Пасля гэтага яе справы пайшлі ўгору: яе ўзнагародзілі ордэнам Францішка Скарыны, далі найвышэйшую жаночую ўзнагароду РПЦ і нават упісалі ў Кнігу славы Гродзенскай вобласці.



