Дадзеныя дырэктара «Тэлерадыёкампаніі «Гродна» Мікалая Мельячэнкі ў студзені 2024 года зніклі з сайта тэлерадыёкампаніі. Аказалася, што мужчына больш не працуе ва ўстанове. Паводле інфармацыі Hrodna.life, гэтаму папярэднічала затрыманне мужчыны.

Новы дырэктар пакуль не пазначаны. Выконваючы абавязкі - галоўны інжынер Уладзімір Жудро. Прычыны звальнення або сыходу праз тэлефон не патлумачылі, абмежаваліся «так вось здарылася». На пытанне, што з дырэктарам, у акаўнце Instagram тэлерадыёкампаніі блакуюць карыстальнікаў.

Паводле інфармацыі Hrodna.life, Мікалай Мельячэнка быў затрыманы за п’янае кіраванне падчас навагодніх святаў. Крыніца сцвярджае, што Мікалай правёў Новы год у ізалятары.

Мікалаю Мельячэнка 49 гадоў. Ён узначальваў «Тэлерадыёкампанію «Гродна» з 2008 года. Да гэтага быў загадчыкам карпунктам АТН Першага канала.

Папаўся п’яным за рулём не ўпершыню

Яго і раней затрымлівалі за кіраванне ў п’яным выглядзе. Такі выпадак адбыўся ў пачатку красавіка 2017 года. Мельячэнка затрымалі за кіраванне службовым аўтамабілем у п’яным выглядзе. Тады пра затрыманне «вялікага начальніка» пісаў тэкст S13.ru, але пазней тэкст знік. Праз тыдзень Мельячэнка асабіста агучыў прапагандысцкі фільм «Маршем в никуда». Ён спрабаваў дыскрэдытаваць лідараў апазіцыі. Адзін з яго герояў Вадзім Саранчукоў тады падаў на «Тэлерадыёкампанію «Гродна» ў суд — безвынікова.

«Не памятаю такога моманту, каб сам ці мае супрацоўнікі нешта прыдумлялі»

Пратэсты 2020 года пры Мельячэнку назвалі «беспарадкамі і правакацыямі». Яго ўнеслі ў «ЧКБ Гродно и область» за прымус да размяшчэння прапагандысцкага запісу. Пры ім падчас пратэстаў 2020 звольнілі вядучага Дзмітрыя Чэкана.

У канцы мінулага года тэлерадыёкампанія «Гродна» адзначыла 50 гадоў.

«Горш, калі людзі трапляюць пад уплыў рознага роду фэйкаў. А ў апошні час іх развялося дастаткова. Яны вельмі проста кладуцца ў галовы людзей, якія не прывыклі думаць, супастаўляць факты, думаць. І нават калі ты аргументавана і на фактах даказваеш адваротнае, сутыкаешся з рэакцыяй, што гэта «прапаганда».

Вось толькі я не памятаю за ўсю сваю журналісцкую дзейнасць такога моманту, каб сам асабіста або мае супрацоўнікі нешта прыдумлялі. Мы адлюстроўваем тую рэчаіснасць, якая адбываецца ў горадзе, вобласці, краіне. І пра дрэннае таксама гаворым… Але я заўсёды імкнуся нацэльваць на паказ больш добрага, пазітыўнага", — казаў Мікалай у 2022 годзе.