Беларускі скульптар Генадзь Васільевіч Буралкін пайшоў з жыцця 2 студзеня. У лютым яму мусіла б споўніцца 83 гады. Буралкін – аўтар многіх вядомых у Беларусі манументаў, у тым ліку і ў Гродне.
Генадзь Буралкін – аўтар мемарыяльнага знаку-стэлы ў гонар 850-годдзя Гродна (1978 г.) у Каложскім парку. Помнік уяўляе сабой дзве вежы вышынёй 31 м, наверсе аб’яднаныя вітражом з каляровага шкла з выявай лічбы «850». У аснаванні стаяць дзве скульптуры вышынёй 6 м. Першапачаткова яны былі абабітыя меддзю, але ў 1990-х гадах метал скралі, а скульптуры замянілі на бетонныя.
Таксама Генадзь Буралкін стварыў мемарыяльны ансамбль воінам-пагранічнікам на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў і памятны знак загінулым пагранічнікам на Аўгустоўскім канале. Буралкін займаўся афармленнем інтэр’ераў Дома грамадзянскіх абрадаў на БЛК у Гродне (1970-я гг.).
Таксама Буралкін – аўтар помніка заснавальніку і першаму вялікаму князю Вялікага Княства Літоўскага Міндоўгу ў Навагрудку (2009 г.).

Паходзіць з сям’і высланых беларусаў
Будучы скульптар нарадзіўся 12 лютага 1942 года ў г. Ленінагорску ў Казахстане у сям’і ссыльнага перасяленца з Беларусі. Потым сям’я вярнулася на радзіму.
Вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (1970–1976). З 1980 года быў сябрам Беларускага саюза мастакоў, з 1990 па 2001 быў яго старшынёй. Арганізацыя паведаміла пра яго смерць у сваіх сацсетках.
Скульптар узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР. У 1997 годзе атрымаў медаль Францыска Скарыны.
Іншыя творы Буралкіна
Генадзь Буралкін з’яўляўся аўтарам многіх манументальных, станковых і графічных работ з разнастайных матэрыялаў. З 1976 года ўдзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. Асноўныя тэмы творчасці былі звязаныя з гісторыяй і нацыянальнымі паданнямі.
Разам са скульптарам Аляксандрам Фінскім стварыў скульптурныя кампазіцыі, якія ўпрыгожваюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі і помнік загінулым на станцыі метро “Няміга” ў Мінску. Сярод твораў Генадзя Буралкіна вылучаюць манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), скульптурныя серыі “Скачок” (1998–2000), “Жыцень” (2000), “Берагіня” (2001–2002), “Абліччы камянёў” (2002), “Лель” (2003), станковыя кампазіцыі “Песня пратэсту” (1977), “Вясна Перамогі” (1978), “Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі” (1979), “Яблынька” (1981), графічныя серыі “Славянскія матывы”, “Ноч на Івана Купалу”, “Раніца” (усе 1995), “Усяношчная” (2002), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я гг.), “Памяці В. Хары” (1987), “Музыка” (1990), “Двое”, “Сын зямлі” (абодва 1991), “Лясное возера” (1992), “Кастусь Каліноўскі”, “Белая Ганча”, “Сумненне” (усе 1993), “Вяртанне белага анёла”, “Сымон-музыка”, “Адам і Ева” (усе 1994), “Скок” (1995), серыя “Прысвячэнне П. Пікаса” (1996). Творы Буралкіна знаходзяцца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, музеях Беларусі і іншых краін, прыватных калекцыях.
Чытайце таксама:





