У комплексе «Гарадзенскі маёнтак Каробчыцы» пабудуюць гасцявыя дамы. Пакуль выконваюць праектныя працы — для гэтага шукаюць арганізацыю. Заказчык — Гродзенскі мясакамбінат.
На гэта выдаткуюць 49 600 рублёў. Распрацаваць праект трэба да 11 лютага 2024 года. Работы «Гродзенскі мясакамбінат» праводзіць за свой кошт. Як домікі для гасцей будуць выглядаць, пакуль невядома.
Сярод іншага, выканаўца павінен прадумаць генплан, архітэктурна-будаўнічыя рашэнні і ўсё астатняе — ад электраасвятлення да сістэмы відэаназірання. Таксама прымуць да ўвагі ахову навакольнага асяроддзя, экалагічны пашпарт праекта і каштарыс.
Пачнуць будаўніцтва ў сакавіку 2024 года.
Агратурыстычны комплекс «Гарадзенскі маёнтак «Каробчыцы» размешчаны ў пяці км ад Гродна. Там можна пракаціцца на кані або дыліжансе, пазнаёміць дзяцей з мясцовай флорай і фаунай, арганізаваць пікнік і схадзіць на экскурсію.
Чытайце таксама: «Гродзенскі мясакамбінат» хоча трапіць у трэнды TikTok. На прасоўванне выдаткуюць 37 000 рублёў