Польку, якая на пешаходным пераходзе ў Беластоку збіла дзіця з Гродна, прыгаварылі да 10 месяцаў турэмнага зняволення з адтэрміноўкай. Такое рашэнне вынес суд Беластока. Прысуд не ўступіў у законную сілу, паведамляе Radio Białystok.
ДТЗ адбылося амаль год таму, 17 студзеня 2023 года, у цэнтры Беластока на вуліцы Ліпавай. 22-гадовая жанчына за рулём Toyota збіла на пешаходным пераходзе 6-гадовага хлопчыка з Гродна. Ён у цяжкім стане патрапіў у лякарню.
Абвінавачаная ў судзе патлумачыла, што ў той дзень было цёмна, слізка, ішоў дробны дождж, а святочныя ўпрыгожанні ўскладнялі бачнасць. Яна сцвярджала, што з яе перспектывы ўсё выглядала так, быццам хлопчык выбег з левага боку прама пад колы аўтамабіля.
Гэтыя тлумачэнні суд не пераканалі. Ён прызнаў жанчыну вінаватай у ненаўмысным парушэнні ПДР, якія пацягнулі цяжкія траўмы пацярпелага дзіцяці. Яе прыгаварылі да 10 месяцаў турмы з адтэрміноўкай на два гады. Таксама яна павінна заплаціць 5000 злотых кампенсацыі, на тры гады ёй забаронена кіраваць транспартным сродкам.
Падрабязнасці ДТЗ і чаму дапамога дзіцяці выклікала пытанні
Падрабязнасці ДТЗ згадвае выданне MOST. У дзень здарэння сям’я збіралася вяртацца ў Беларусь, але вырашыла застацца яшчэ на дзень у Беластоку. Пацярпелы хлопчык пераходзіў дарогу разам з мамай і братам. У нейкі момант дзіця адпусціла руку мамы і пайшло на два крокі наперадзе. Нечакана на скрыжаванне з правага боку выехаў легкавы аўтамабіль і збіў хлопчыка.
Пацярпелае дзіця шпіталізавалі і ў цяжкім стане змясцілі ў аддзяленне рэанімацыі, увялі ў штучную каму. Ён атрымаў цяжкія траўмы галавы. У клініцы ён знаходзіўся амаль два тыдні.
Тады на лячэнне 6-гадовага Мішы неабыякавыя беларусы сабралі за пяць дзён больш за 300 тыс. еўра. Аднак да мамы дзіцяці ўзніклі пытанні. Аказалася, што ў Мішы ёсць карта паляка — і таму лячэнне ў беластоцкай бальніцы пакрыў Нацыянальны фонд здароўя Польшчы.