Ужо традыцыйную алею “дызайнерскіх” ёлак у Гродне ад прадпрыемстваў і ўстаноў урачыста адкрылі 8 снежня. Сёлета ў парку Жылібера ўстанавілі каля 50 ёлак з разнастайных матэрыялаў.
Сярод аўтараў – буйныя прадпрыемствы, такія як “Белкард”, “Радыёхваля”, Гродзенскі шклозавод, Гроднаграмадзянпраект, Гроднаводаканал, САГ, Гроднахлебпрам, Гроднаэнерга, “Цветлит”, а таксама паліклінікі, школы і каледжы.
Адны спрабавалі адлюстраваць у кампазіцыях сваю дзейнасць, іншыя абышліся размяшчэннем лагатыпаў. У параўнанні з мінулымі гадамі не здаецца тэндэнцыя ставіць не проста кампазіцыі, а фотазоны з лавачкамі.
Такія зрабілі “Фармацыя”, шклозавод, “Белкард”, “Радыёхваля”, Гродзенскі механічны завод. Гроднагаз і Гроднапрамбуд вырашылі не абмяжоўвацца ёлкамі, а адлюстраваць сімвал 2024 года па кітайскім календары – дракона. Не абышлося і без дзіўнага “агратрэшу”. САГ здзівіў смеццевымі бакамі з падарункамі, Гроднахлебпрам – ёлкай, хутчэй падобнай на сыр. Увагу прыцягвае і ёлка-айбаліт ад цэнтральнай дзіцячай паліклінікі. Фота кампазіцый у парку апублікаваў Newgrodno.by.
На алею “дызайнерскіх” ёлак можна будзе паглядзець да сярэдзіны студзеня, потым іх прыбяруць. Перад гэтым пройдзе конкурс на найлепшую ёлку. У мінулым годзе ў ім перамагла ёлка ад Гродзенскага агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Другое месца падзялілі САГ і “Гроднаводаканал”.
Чытайце таксама:
































