Гімназію № 1 імя Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы Гродзенскай вобласці перайменавалі ў гімназію № 1 імя Пашы (Праскоўі) Васіленкі. Пра гэта ў Telegram-канале паведаміла Вольга Бондарава.
«Ура, таварышы! Шлем гарачыя прывітанні і падзякі ў Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскай вобласці: выдатная праца», — напісала Бондарава.
Хто такая Праскоўя Васіленка?
Праскоўя Васіленка 7 лістапада 1943 года была публічна павешаная разам з сям’ёй за сувязь з партызанамі. Па даручэнні Беластоцкага падпольнага абкама партыі яна ўладкавалася ў нямецкую сталовую ў вёсцы Дабраволя Свіслацкага раёну і перадавала партызанам у Белавежскай пушчы каштоўную інфармацыю і прадукты харчавання. У яе гонар была названая піянерская дружына Дабравольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
Чаму гімназію назвалі ў гонар Каліноўскага?
Кастусь Каліноўскі - рэвалюцыянер, адзін з лідараў паўстання 1863−1864 гадоў. Нарадзіўся ў Мастаўлянах Гродзенскага павета (цяпер — Польшча) і скончыў Свіслацкую прагімназію ў 1856 годзе. У Свіслачы ёсць адзін з нешматлікіх помнікаў Каліноўскаму. Там жа на гарадскіх могілках пахаваны яго брат Віктар.
Абвяшчэнне нядаўніх герояў і лідараў у тым ліку антырасійскіх паўстанняў ворагамі — адна з прыкмет руху ад аўтарытарызму да таталітарызму, мяркуе палітолаг Арцём Шрайбман. Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка параўнаў Каліноўскага са Сцяпанам Бандэрай.
Чытайце таксама: