У Шчучыне на працоўным месцы памёр міліцэйскі начальнік. Жыхарку Свіслачы судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і арыштавалі яе. Беларуса затрымалі на мяжы за падпіску ў Instagram. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 27 лістапада па 3 снежня.
У судзе Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці судзілі мясцовую жыхарку па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Яна была падпісаная на Zerkalo.io у адной з сацсетак.
Яе аштрафавалі на 20 базавых велічынь (740 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона. Мікрахвалевую печ, якая знаходзіцца на захоўванні ў АУС, звярнулі ў кошт аплаты штрафу ў выпадку яго нявыплаты.
У снежні 2022 года Андрэя асудзілі па артыкуле 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Тады суддзя Дзмітрый Кедаль прысудзіў мужчыну да года калоніі агульнага рэжыму, паведамляе MAYDAY.TEAM.
Пасля затрымання палітвязень быў унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
Мужчына адбываў пакаранне ў папраўчай калоніі № 2 Бабруйска.
У судзе Ленінскага раёна Гродна 9 лістапада асудзілі Ігара Жука па ч. 1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Суддзя Наталля Горбач прызначыла Ігару два гады «хіміі», паведамляе «Вясна».
Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у Youtube пакінуў каментар на адрас Лукашэнкі пад відэа «Беларусь: Скрытая мобилизация и ввод войск из России | Украины, Лукашенко и НАТО» расійскага блогера Іллі Варламава. У яго ў тэлефоне знайшлі дадатак Youtube, у якім у раздзеле «каментары» і быў адпаведны пост.
Ігар Жук працаваў станочнікам дрэваапрацоўчых станкоў у закрытым акцыянерным таварыстве. Да вынясення прысуду ён знаходзіўся пад вартай.
Віталь Санько з Гродна прызнаны палітвязнем.
Суды прайшлі ў Шчучыне, Іўі, Ашмянах, Гродне, Бераставіцы і Воранаве. У Іўі аштрафавалі непрацуючага бацьку малалетняга дзіцяці і начальніцу ЗАГС, у Шчучыне — супрацоўніка дзяржпрадпрыемства, у Гродне — дырэктара ТАА, бібліятэкара і медсястру.
Суд Ленінскага раёна Гродна 28 лістапада прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «Лявон Вольскі». А суд Лідскага раёна 29 лістапада 2023 года прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «Беларускі Янкі» і Instagram-акаўнт «yankee.in».
У Гродне затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка. Ён уступіў у чат-бот «План Перамога», але ніякіх дзеянняў не выконваў. Таксама ў Telegram ён абразіў супрацоўнікаў Міністэрства абароны і распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы.
Сілавікі сцвярджаюць, што ў дачыненні да яго могуць распачаць справу паводле некалькіх артыкулаў КК.
1 снежня на «Белтрансгазе» прайшлі затрыманні. Колькасць затрыманых і прычына затрымання невядомыя, паведамляе Telegram-канал «Суды, задержания. Гродно и область».
Жук Ігар Алегавіч з Гродна 1 снежня папоўніў «спіс экстрэмістаў». Ён адбывае пакаранне.
43-гадовага аўтара Youtube-канала «MozgON» тры месяцы таму перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі № 11 ініцыявала ўзбуджэнне другой запар крымінальнай справы па ч.2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі».
Цяпер палітвязню могуць дадаць яшчэ два гады зняволення да 16 гадоў калоніі, паведамляе «Вясна».
Ленінскі РАУС Гродна праверыў акаўнт «sladkiy_grodno» з тортамі ў тым ліку для дарослых. Фактаў здзяйснення якога-небудзь правапарушэння, які адносіцца да кампетэнцыі АУС, ён не выявіў. Пра гэта напісала Вольга Бондарава.
Беларуса затрымалі ў пункце пропуску «Каменны лог». Яго судзілі 2 лістапада за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у судзе Ашмянскага раёна. Па арт. 19.11 КаАП яму прызначылі штраф. Пастанова па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з’явілася ў банку судовых рашэнняў.
Супраць гродзенскага журналіста і праваабаронца Уладзіміра Хільмановіча вядзецца крымінальная справа. Яе пачалі па арт. 361−4 КК «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Па двух месцах яго жыхарства правялі вобшук. Сам ён знаходзіцца за мяжой.
Супрацоўнікаў Лідскага завода жалезабетонных вырабаў затрымалі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у інтэрнэце, паведамляе праўладны Telegram-канал. Паводле паведамленняў сілавікоў, затрыманых змясцілі ў ІЧУ.
Раніцай 1 снежня ў Гродне затрымалі пастара царквы ЕХБ «Святло міру» Васіля Трубчыка. Прычыны затрымання невядомыя. 4 снежня ў закрытым рэжыме адбудзецца суд.
Намеснік кіраўніка Шчучынскага РАУС падпалкоўнік Сяргей Асавік памёр на працоўным месцы. Пра гэтага стала вядома 29 лістапада 2023 года, паведаміла «Еўрарадыё». Інфармацыю пацвердзілі Zerkalo.io у самім РАУС.
Гродзенскаму журналісту і палітзняволенаму Дзянісу Івашыну не перадалі ліст з раздрукоўкамі. Пра гэта ён напісаў у справаздачы пра атрыманыя лісты да маці, паведаміла яго жонка Вольга.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…