Насамрэч, варта казаць не «бюджэт горада», а «мясцовы бюджэт» — па аналогіі з «дэпутатамі мясцовых саветаў». Бо прынцып працы з бюджэтам у Беларусі аднолькавы і для гарадоў, і для раёнаў. Пры складанні бюджэту трэба ўлічыць прыбыткі і расходы насельніцтва, ацаніць, на што трэба выдаткаваць грошы проста зараз, а што яшчэ можа пачакаць, ды не забыцца пра непрадбачаныя траты. Як мясцовы бюджэт фармуецца ў Беларусі? Пра гэта ў падкасце «Утульны горад» пагаварылі з Вольгай Цесаковай з ініцыятывы «Это наш город».
Вы можаце праслухаць размову цалкам у аўдыёверсіі або прачытаць ніжэй у скароце асноўныя тэзісы гэтага выпуска падкаста.
Першае, што трэба ведаць пра гарадскі бюджэт — гэта тое, што ён складаецца з дзвюх частак: даходнай і расходнай. Бюджэты напаўняецца падаткамі: менавіта таму, калі чыноўнікі «дораць» новую школу, трэба разумець, што яна пабудаваная на нашы падаткі. Акрамя падаткаў бюджэт фармуецца яшчэ са штрафаў, выплатаў за арэнды дзяржаўнай маёмасці і «данатаў». Дакладней, яны так не называюцца, але адзін беларускі горад можа перадаць іншаму беларускаму гораду пэўную суму — гэта называецца «трансфер».
У рэспубліканскі бюджэт накіроўваюцца прыбыткі дзяржаўных прадпрыемстваў, крышку больш за 75% ПДВ (падатак на дададзеную вартасць), а таксама мытныя пошліны, даходы ад рэкламы і г. д.
Астатнія адсоткі ад ПДВ (крышку менш за 25%) ад пачатку збіраюцца ў «агульны кацёл», а потым размяркоўваюцца па краіне прапарцыйна колькасці насельніцтва ў кожным месцы. Чым больш людзей у вашым горадзе — тым больш грошай ад тых 25% з усяго ПДВ, сабранага па краіне, ваш горад атрымае.
Таксама мясцовыя бюджэты напаўняюцца з дзейнасці сваіх жыхароў і жыхарак: з іх падаходных падаткаў і падаткаў на прыбытак.
Цікава пачытаць: Якім быў бюджэт Гродна 55 гадоў таму
Фармаванне расходнай часткі - нашмат больш складана і доўгі працэс. Пачынаецца ён на рэспубліканскім узроўні. Напрыклад, каб сфармаваць бюджэт на 2024 год, міністэрства эканомікі і Нацыянальны Банк да першага чэрвеня 2023 мусілі зрабіць прагноз на 2024 год: як будзе развівацца эканоміка, які будзе ВУП, якая будзе інфляцыя і г. д. Міністэрства фінансаў атрымала гэты прагноз і мусіла з улікам розных дзяржаўных праграм скласці праект рэспубліканскага бюджэту. Пасля гэтага праект трэба даслаць па ўсіх выканкамах краіны.
Ва ўпраўленнях фінансаў у мясцовых выканкамах аналізуюць праект і размяркоўваюць грошы па розных галінах: ахова здароўя, адукацыя, культура і г. д. Выканкам з улікам сітуацыі ў горадзе і паказнікаў, якія прыйшлі з міністэрства фінансаў, стварае свой праект і дасылае яго ў тое ж самае міністэрства фінансаў.
Міністэрства фінансаў мусіць ацаніць, ці не хоча раптам выканкам нерацыянальна абысціся з бюджэтнымі грашыма. У выніку міністэрства піша новы план і вяртае ў выканкам. Выканкам можа яго аспрэчыць.
Такое «перакіданне мячыка» доўжыцца да верасня. Да пачатку кастрычніка звычайна праект бюджэта цалкам сфармаваны. Яго мусіць прыняць парламент.
У выніку гатовы праект бюджэту трапляе да дэпутатаў і дэпутатак мясцовых саветаў у лістападзе. Дэпутаты і дэпутаткі не ўплываюць на фармаванне бюджэту, але ў іх уладзе яго зацвердзіць або адхіліць. На практыцы бюджэт зацвярджаецца амаль заўсёды.
Калі надыдзе новы год, грошы можна будзе перанакіраваць з адной галіны ў іншую. Напрыклад, менш выдаткаваць на адукацыю, але больш на медыцыну.
Даходная частка фармуецца прыблізна так жа ў шмат якіх краінах свету. Што датычыцца расходнай часткі, то, у адрозненні ад многіх іншых краін, у Беларусі грамадзяне і грамадзянкі амаль не ўцягнутыя ў працэс фармавання бюджэту.
Чытайце таксама: Калі самім вырашаць, на што пойдуць падаткі: беларусы ствараюць для сябе бібліятэку ў Вільні
Сапраўдныя грамадскія абмеркаванні - рэдкая з’ява ў сучаснай Беларусі. Казаць пра мясцовыя рэферэндумы ўвогуле не даводзіцца. Як і шмат якім іншым рэчам у краіне, працэсу фармавання бюджэту бракуе празрыстасці і ўдзелу насельніцтва.
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…