Беларусь заняла 33 месца па ўзроўні валодання англійскай мовай сярод 113 краін свету, дзе яна не з’яўляецца роднай. Жыхары Гродна ведаюць англійскую лепш за ўсіх беларусаў. Год таму першынства па краіне ў веданні англійскай было за Мінскам, таксама гродзенцаў апярэджваў Брэст.
Узровень ведання англійскай высветляў Міжнародны адукацыйны цэнтр EF Education First. Даследаванне праводзілі ў 113 краінах, для жыхароў якіх англійская з’яўляецца няроднай мовай. Усяго паўдзельнічала 2,2 млн дарослых. Іх сярэдні ўзрост склаў 26 гадоў.
Беларусь заняла трэцяе месца ў групе з 33 краін з сярэднім узроўнем ведання англійскай (сярод усіх краін — 33 месца). Сярод краін Еўропы Беларусь заняла 24 месца з 34. Год таму Беларусь мела 39 месца ў агульным рэйтынгу. Пры гэтым лепш за ўсё англійскай зараз валодаюць беларусы 21−25 гадоў, крыху горш — 26−30-гадовыя, а горш за ўсё — 18−20-гадовыя беларусы. Жанчыны ў Беларусі ведаюць англійскую лепш, чым мужчыны. Такая тэндэнцыя захоўваецца не першы год.
З суседзяў Украіна заняла 45, а Расія — 41 месца ў агульным рэйтынгу, таксама ўвайшоўшы ў групу «сярэднячкоў». А вось Польшча і Літва ўвайшлі ў групу з 18 краін з высокім узроўнем валодання англійскай. Польшча сярод іх выйшла на першае месца (13 у агульным рэйтынгу), Літва — 9 месца (21 у агульным рэйтынгу).
Лепш за ўсіх англійскую ведаюць у Нідэрландах. Следам ідзе Сінгапур, Аўстрыя, Данія і Нарвегія. На 12 і апошнім месцы ў раздзеле «Вельмі высокі ўзровень ведаў» — Грэцыя.
Горш за ўсіх сярод краін, якія прынялі ўдзел у даследаванні, англійскую ведаюць у Конга.
Чытайце таксама: «Будзьце цікаўныя». Як беларусу атрымаць еўрапейскую адукацыю бясплатна