Чаму чакаць паўгадзіны перасадкі з аўтобуса на тралейбус — гэта не ок? Колькі часу наогул мусіць займаць вандроўка па горадзе? Як мусяць выглядаць білеты на грамадскі транспарт? Гэтыя і іншыя пытанні, звязаныя з бясшвоўным перасоўваннем і сістэмай мабільнасці ў беларускіх гарадах, абмеркавалі з архітэктаркай Ілонай Эльяшэвіч з Менскай урбаністычнай платформы ў падкасце «Утульны горад».
Слухайцы выпуск цалкам у аўдыёверсіі або чытайце тэзісна і ў вялікім скароце ніжэй.
У вялікіх гарадах, каб патрапіць з аднаго пункта ў іншы, даводзіцца карыстацца грамадскім транспартам. Часта мы нават не можам абысціся адным сродкам транспарту: даводзіцца, напрыклад, перасаджвацца з аўтобуса на тралейбус. Невялікія адлегласці мы можам прайсці пешшу або арандаваць ровар ці самакат. Калі мы гладка і без асаблівых намаганняў трапляем у патрэбнае месца праз розныя сродкі транспарту, то можна казаць пра бясшвоўнасць перасоўвання.
«Швы» ў сістэме мабільнасці
У ідэальнай сітуацыі чалавеку, каб патрапіць з адной кропкі на мапе ў іншую, не трэба прыкладаць асаблівыя фізічныя і інтэлектуальная намаганні, доўга чакаць і цярпець нязручнасці. Як праверыць, наколькі добра наладжана сістэма мабільнасці ў горадзе? Лепш за ўсё зрабіць гэта на людзях, якія ўпершыню прыехалі ў гэты горад. Сталыя жыхары і жыхаркі адаптаваліся да пэўных нязручнасцей і навучыліся іх абыходзіць. Іншагароднім жа даводзіцца арыентавацца ў новым асяроддзі ўпершыню.
Напрыклад, для новых карыстальнікаў і карыстальніц стаць перашкодай у падарожжы можа аплата праезду. Гэта адбываецца, калі білеты на грамадскі транспарт немагчыма набыць проста на прыпынку або ў кіроўцы. Або калі цяжка разабрацца, які менавіта білет патрэбны і як яго потым пракампаставаць. Часта бывае ўвогуле цяжка зарыентавацца, які прыпынак грамадскага транспарту патрэбны і дзе потым шукаць канкрэтны адрас.
Гэта кажа аб тым, што гарадская сістэма мабільнасці ў прынцыпе не зручная ні для каго. Тыя ж гараджане і гараджанкі, якія добра арыентуюцца на звычных маршрутах, могуць блукаць, калі апынуцца ў малазнаёмай частцы горада.
Мабільнасць як паслуга
Падарожжа па горадзе не будзе зручным для большасці гараджан і гараджанак, калі гарадскія ўлады не плануюць мабільнасць адмыслова. Расклад грамадскага транспарту, роварныя дарожкі, аплата білетаў - усё мусіць быць прадумана і ўзаемаінтэгравана.
Для гэтага варта спраектаваць шлях карыстальніка ці карыстальніцы: прыблізна так, як гэта робіцца, калі распрацоўваюць сайты і мабільныя аплікацыі. Калі мы пачынаем аналізаваць, як людзі рухаюцца, у якім напрамку перасоўваюцца, якія праблемы іх напаткаюць на шляху і як іх можна вырашыць, то гэта ўжо не проста праектаванне сістэмы гарадскога транспарту, а распрацоўка паслугі ў галіне мабільнасці.
Падыход да праектавання сістэмы мабільнасці ў горадзе, калі мы арыентуемся на шлях карыстальніка ці карыстальніцы, называецца мабільнасць як паслуга (MaaS — mobility as a service)
Калі гарадскія ўлады прытрымліваюцца гэтага падыходу, то імкнуцца нейкім чынам інтэграваць грамадскі транспарт і прыватныя паслугі (таксі, пракат ровараў, каршэрынг). Напрыклад, стварыць мабільны дадатак, які аўтаматычна будзе прапанаваць маршрут з некалькімі варыянтамі: паехаць на грамадскім транспарце, выклікаць таксі ці ўзяць ровар.
Чытайце таксама:
- Спазненні аўтобусаў, зніклыя экспрэс-маршруты і праблемы з прыватным сектарам. Галоўны па перавозках расказаў пра грамадскі транспарт Гродна
- Трамваі ў Гродне маглі з’явіцца раней за аўтобусы: як развіваўся гродзенскі грамадскі транспарт
- Больш за 1000 «зайцаў» за месяц: як у Гродне плануюць паляпшаць сістэму аплаты за праезд?
Таксама важны аспект — сістэма продажу білетаў. У большасці гарадоў, якія прытрымліваюцца прынцыпаў MaaS, выкарыстоўваюць білеты, якія пасуюць для ўсіх відаў транспарту і дзейнічаюць пэўны час. Напрыклад, калі вы набываеце білет, які дзейнічае гадзіну і тры разы робіце перасадку на розныя тралейбусы ці аўтобусы, вам не трэба ў кожным з іх кампаставаць новы білет. Дастаткова зрабіць гэта адзін раз, і на працягу гадзіны карыстацца ім ва ўсіх сродках транспарту. То-бок з аднаразовых талонаў адбываецца пераход на ўмоўныя «праязныя на ўсе віды транспарту». Яны могуць быць кароткатэрміновымі - ад некалькіх хвілін да некалькіх дзён, ці доўгатэрміновымі - на некалькі месяцаў.
Больш падрабязна пра тое, як зараз выглядае сістэма мабільнасці ў беларускіх гарадах і што было б варта ў ёй змяніць — у падкасце.