У адной з гродзенскіх вайсковых частак два вайскоўцы патрапілі пад цяжкую тэхніку. У Слоніме на аднаго вайскоўца ўпала дрэва, а на іншага перакулілася БМП. BELPOL апублікаваў статыстыку здарэнняў з удзелам жаўнераў беларускага войска, якую камандаванне ўтойвае ад грамадскасці.
За адзін месяц няшчасныя выпадкі адбыліся ў гродзенскай 6-й асобнай механізаванай брыгадзе на Фолюшы і 11-й механізаванай брыгадзе ў Слоніме.
У Гродне пацярпелі прапаршчык і кантрактнік
У Гродне падчас счэпкі паміж браніраванай рамонтна-эвакуацыйнай машынай (БРЭМ-Ч) і гусенічным браніраваным цягачом (БТС-4) механік-кіроўца БТС-4 не заглушыў рухавік і не пераканаўся, што машына стаіць на нейтральнай перадачы. Пасля гэтага адпусціў педаль счаплення і наехаў на двух вайскоўцаў, які знаходзіліся паміж машынай і счэпкай.
У выніку прапаршчык атрымаў спалучаную траўму галавы, грудзей, жывата і пазванка. Таксама скальпаваныя раны скулавой вобласці і вобласці ніжняй сківіцы справа. У яго шматлікія аскольчатыя пераломы правай лапаткі, пералом дзявятага і 10 рэбраў злева па лапатачнай лініі і ўдар лёгкіх.
Другі вайсковец — кантрактнік — атрымаў цяжкую спалучаную траўму грудзей, жывата і пазванка, закрытую траўму грудзей. Таксама ў яго пералом рэбраў - ад чацвёртага па дзявятае справа, размажджэнне ніжняй долі правага лёгкага і ўдар левага лёгкага.
У Слоніме перакулілася БМП-2 і ўпала дрэва
У слонімскай механізаванай брыгадзе падчас пагрузкі на трал баявая машына пяхоты (БМП-2) перакулілася. З-за гэтага вайсковец тэрміновай службы атрымаў раны, падскураныя гематомы абедзвюх цемянных абласцей, удар правага локцевага сустава і мяккіх тканін абодвух сцёгнаў.
Другі выпадак адбыўся падчас інжынернага абсталявання раёна засяроджвання. Там, у час капання хованкі для тэхнікі з выкарыстаннем палкавой землярыйнай машыны (ПЗМ-2), з-за мяккага грунту і моцнага парыву ветру дрэва звалілася на намёт. У ім знаходзіўся вайсковец тэрміновай службы. Ён атрымаў кампрэсійны пералом І ступені 10, 11 і 12 пазванкоў груднога аддзелу пазваночніка, закрыты пералом асцюкаватых атожылкаў без зрушэння абломкаў 3 і 12 пазванкоў груднога аддзелу пазванка. Акрамя гэтага, у яго страсенне спіннога мозгу на ўзроўні 10 груднога пазванка.
Чытайце таксама: У Гродне на вучэннях са студэнтамі ваеннай кафедры паранілі салдата