Што такое ўстойлівы горад? Як памераць устойлівасць? Які горад лічыць дастаткова бяспечным і інклюзіўным? Чаму Гродна звычайна — на першых месцах рэйтынгаў беларускіх гарадоў? І пры чым тут мэты ўстойлівага развіцця ААН? Пагаварылі пра ўсё гэта ў падкасце «Утульны горад» з прадстаўніком арганізацыі «Інтэракцыя» Іванам Шчадранком.
Слухайце размову цалкам у аўдыёверсіі або чытайце тэзісна ў скароце ніжэй.
Яшчэ ў 2015 годзе ААН распрацавала канцэрцыю 17 мэт устойлівага развіцця. Згодна з імі, ліквідацыя беднасці, напрыклад, павінна ісці рука аб руку са стратэгіямі, якія паляпшаюць здароўе і адукацыю, памяншаюць няроўнасць і стымулююць эканамічны рост — і ўсё гэта адначасова змагаецца са змяненнем клімату і працуе над захаваннем акіянаў і лясоў. Адна з 17 мэт — устойлівасць гарадоў. Што ААН разумее пад устойлівасцю гарадоў?
Устойлівасць, бяспека і інклюзія
Устойлівасць гарадоў уключае бяспеку, інклюзію і ўстойлівасць. Такі парадокс: устойлівасць уключае ўстойлівасць. Насамрэч, тут маецца на ўвазе, што горад мусіць адпавядаць усім стандартам 17 мэт устойлівага развіцця, а таксама быць бяспечным і інклюзіўным. Пад бяспекай таксама разумеецца вялікая сукупнасць розных фактараў: статыстыка крымінальных злачынстваў, прыродныя ўмовы, адсутнасць ці наяўнасць шкоднай вытворчасці і гэтак далей.
Не на ўсе фактары можна паўплываць: напрыклад, калі горад знаходзіцца ў той кліматычнай зоне, дзе часта здараюцца прыродныя катастрофы, то задача гарадской адміністрацыі не намагацца перадухіліць гэтыя катастрофы (гэта немагчыма), а мінімізаваць шкоду ад іх. Напрыклад, амаль у любым горадзе можа здарыцца пажар, але калі пажарныя ў вашым горадзе хутка даюць з ім рады, то горад лічыцца ўстойлівым.
Успомнім, як у красавіку 2023 у Гродне на некалькі гадзін знікла электрычнасць. Перабоі ў працах электрастанцыі здараюцца. Пытанне: як наладжана інфраструктура для такіх выпадкаў? Ці пачынае адразу працаваць падстанцыя? Ці забяспечаныя шпіталі і дзіцячыя садкі аўтаномнымі генератарамі? Ці рэгулюецца неяк рух, калі раптам пагаслі светлафоры? Калі адказ на гэтыя пытанні - «так», то горад лічыцца ўстойлівым, нягледзячы на тое, што аварыі там здараюцца.
Беларускія гарады і ўстойлівасць
Беларускія гарады ў параўнанні з гарадамі па ўсім свеце — даволі ўстойлівыя, кажа Іван Шчадранок. Трэба разумець, што ўстойлівасць ацэньваецца і з пункту гледжання экалогіі, і з пункту гледжання развіцця бізнесу, і з пункту гледжання сацыяльнай абароны. Малыя гарады ў Беларусі пераважна не маюць развітога бізнесу, затое часта не маюць і вытворчасці са шкоднымі выкідамі. У той жа час у буйных гарадах больш развітыя прыватныя прадпрыемствы і горшая экалогія за кошт заводаў. То бок сярэдняя ацэнка будзе прыблізна аднолькавая і для малых, і для буйных гарадоў, але за кошт розных фактараў.
Чытайце таксама: Барометр беларускіх гарадоў: Гродна саступіў Брэсту, але гродзенцы перамаглі ў патрыятызме
У Беларусі даволі часта некаторыя фактары маюць высокія ацэнкі. Аднак, калі разабрацца, што стаіць за гэтымі паказчыкамі, то карціна становіцца супрацьлеглай. Напрыклад, калі ў беларускім парламенце 40% - жанчыны, а 60% - мужычыны, — гэта яшчэ не азначае, што Беларусь — краіна, якая амаль дасягнула гендарнай роўнасці. Калі мы разумеем, што беларускі парламент нельга лічыць дэмакратычна абраным, то і гендарны склад у ім ніяк не адлюстроўвае сітуацыю з правамі жанчын у краіне.
Але нягледзячы нават на тое, што некаторыя складнікі ўстойлівасці ў Беларусі выконваюцца толькі фармальна, гарады Беларусі нават зараз даволі ўстойлівыя і маюць патэнцыял, каб развівацца больш актыўна.
Як сказаў Іван Шчадранок, сам факт наяўнасці падкаста «Утульны горад» сведчыць аб тым, што грамадская супольнасць зацікаўлена ў тым, каб рабіць гарады Беларусі лепшымі.