Гродзенца асудзілі на пяць гадоў калоніі за каментары аб пратэстах у чаце ў Telegram і асабістай перапісцы. Дэфектолаг у Слоніме спрабавала прадаць старую кнігу — тая аказалася «экстрэмісцкай». На тытунёвай фабрыцы «Нёман» і «Гроднаэнерга» працягваюцца чысткі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 16 па 22 кастрычніка.
Суды за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў
На мінулым тыдні стала вядома як мінімум пра дзевяць рашэнняў суда за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суды прайшлі ў Гродне, Астраўцы, Карэлічах. Рашэнні суда — ад 10 базавых штрафу (370 рублёў) да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзілі за падпіскі ў Instagram і экстрэмісцкую кнігу.
Telegram-канал Hrodna.life унеслі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў
Так вырашыў суд Баранавіцкага раёна і Баранавічы 17 кастрычніка 2023 года.
Новыя «экстрэмісты»
Пастарняк Аляксандр Аляксандравіч з Гродна, Змітровіч Сяргей Віктаравіч з Дзятлава, Бірэта Аляксандр Іосіфавіч з Верцялішак 20 кастрычніка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
Палітвязню Дзянісу Івашыну ўжо год не могуць адправіць «рэжымную» перадачу
«Калі Дзяніс Івашын быў у СІЗА гарадзенскай вязьніцы, мы маглі кожны месяц перадаваць яму да 30 кг прадуктаў і рэчаў. Звычайна большую колькасьць перадачы складалі ўлюбёнае ім сала, добрая каўбаса і садавіна ды гародніна, бо за кратамі вітамінаў практычна няма. Але ўжо амаль год прамінуў, як мы ня можам даслаць ці перадаць Дзянісу так званую рэжымную перадачу. Двойчы яго пазбаўлялі іх у магілеўскай калёніі, а строгі рэжым жодзінскае вязьніцы наагул не дазваляе прадуктовыя перадачы», — напісала жонка палітвязня Івашына.
Таму Дзяніс ужывае вітамінныя комплексы, якія яму дасылалі ў пасылках. Частку «жывых» вітамінаў ён можа купіць за 35 рублёў у месяц у турэмнай краме. Ён купляе цыбулю і марскую капусту.
Урача-неўролага з Барысава Аляксандра Цялега ў бабруйскай калоніі з 26 верасня змясцілі ў ШІЗА
Палітвязень Аляксандр Цялега больш за 20 сутак знаходзіцца ў штрафным ізалятары бабруйскай ПК-2. Колькі ён там яшчэ будзе знаходзіцца — невядома, паведамляе MAYDAY TEAM.
Целяга падвяргаецца жорсткаму абыходжанню з боку супрацоўнікаў і адміністрацыі калоніі. Адной з прычын з’яўляецца тое, што Цялега патрабуе няўхільнага захавання яго правоў як зняволенага.
Верагодна, адміністрацыя ПК-2 рыхтуе глебу для таго, каб перавесці Цялегу ў турму.
Аляксандра Цялега асудзілі па трох артыкулах КК у судзе Ленінскага раёна Гродна на чатыры гады калоніі агульнага рэжыму. МУС унёс палітвязня ў «Пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Мясцовы дабрачынны фонд «Анастасіс» знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі
Такое рашэнне прыняў Гродзенскі абласны суд 22 верасня, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
У фонду былі два прадстаўніцтвы: «Цэнтр дапамогі людзям, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю «Анастасіс Сталіца» і «Цэнтр рэабілітацыі залежных ад алкаголю і наркотыкаў» «Анастасіс Сасноўка».
Вярхоўны суд пакінуў без змены прысуды Паўлу Мажэйку і Юліі Юргілевіч
Цяпер Мажэйка і Юргілевіч чакае этап у калоніі. Куды іх накіруюць, блізкія пакуль не ведаюць, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Паўла і Юлію асудзілі па ч. 2 арт. 361−4 КК за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове. Іх абвінавацілі ў перадачы дадзеных тэлеканалу «Белсат» у лютым-сакавіку 2022 года.
Тытунёвая фабрыка «Нёман» у Гродне наняла дырэктара па бяспецы
Усе супрацоўнікі завода праходзяць апытанні аб удзеле ў падзеях 2020 года. Каля 90 супрацоўнікаў прымусілі напісаць тлумачэнні. Як мінімум сем чалавек былі звольненыя па «асабістым жаданні», паведамляе dissidentby.
Усяго на «Нёмане» працуюць 840 чалавек.
Гродзенца асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за масавыя беспарадкі
У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 25 жніўня па ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 293 КК «Масавыя беспарадкі» асудзілі гродзенца.
Мужчына напісаў у Telegram-чаце «Гародня 97%» каментары, «якія змяшчаюць выказванні заахвочвальнага характару і якія заклікаюць да гвалтоўных дзеянням», а таксама выказванні з гвалтам над асобай, падпаламі, пагромамі, у тым ліку ў дачыненні да супрацоўнікаў АУС.
Таксама ён абмяркоўваў пратэсты ў асабістай перапісцы ў Telegram.
Хлопец сцвярджае, што пакінутыя ім каментары не маюць дачынення да арганізацыі масавых беспарадкаў. На думку эксперта — дацэнта кафедры рускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, — паведамленні ўсё ж падахвочваюць да сілавога пратэсту.
Паводле «Вясны», асуджаны — піцаёла Сяргей Батвіч.
12 кастрычніка апеляцыю разгледзелі ў Гродзенскім абласным судзе. Прысуд пакінулі без змены, а яго скаргу — без задавальнення.
У Слоніме судзілі дэфектолага з 20-гадовым стажам. Яна спрабавала прадаць старую кнігу — тая аказалася «экстрэмісцкай»
Дэфектолаг са Слоніма ў 2018 годзе купіла кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX — XXI стст». У 2023-м знайшла яе дома і вырашыла прадаць. Гэта не ўдалося, таму жанчына здала яе ў макулатуру. У выніку яе судзілі па арт. 19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў - за гэты час кнігу прызналі «экстрэмісцкай».
На «Гроднаэнерга» не хапае персаналу. Закрыць вакансіі цяжка, бо кандыдаты не праходзяць праверку ад КДБ
Недахоп персаналу на гродзенскай ЦЭЦ-2 такі вялікі, што на некаторых пазіцыях, дзе мусіць быць чатыры змены, людзей хапае толькі на тры. Гэта вынік рэпрэсій і вельмі строгага адбору кандыдатаў у філіялах «Гроднаэнерга».
«Захоўванне з мэтай распаўсюджвання». У Гродзенскай вобласці судзяць за падпіскі ў Instagram
У Гродзенскай вобласці ўзяліся адпрацоўваць падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы ў Instagram. У апошні час такія справы з’яўляюцца ў банку судовых рашэнняў. Усе яны падобныя: жыхароў вобласці затрымлівалі дома за «захоўванне з мэтай распаўсюджвання» экстрэмісцкай інфармацыі. Але рашэнні суддзяў - розныя.
У Гродне ўлады прыйшлі з праверкамі на курсы польскай мовы
Чыноўнікі ад сферы адукацыі ў Гродне прыходзілі з праверкай на курсы польскай мовы. Рэдакцыі Hrodna.life вядома прынамсі пра адзін такі выпадак. Верагодна, гэта яшчэ адзін спосаб змагацца з адтокам кадраў за мяжу. Падобныя праверкі праходзяць штогод. Але на гэты раз улады павялі сябе па-новаму. Яны пыталіся, ці дапамагаюць на курсах рабіць карту паляка, ці даюць кансультацыі аб вучобе за мяжой, колькі людзей у іх вучацца.
Польскія СМІ: у Беларусі ахвотных зрабіць візу ў візавых цэнтрах чакалі з КДБ
Былі сітуацыі, калі людзі прыходзілі забраць польскую візу, а ў візавым цэнтры іх чакалі супрацоўнікі КДБ. Замест паездкі ў Польшчу яны трапілі ў турму, піша польская газета Wyborcza са спасылкай на свайго інфарматара. Падобна на тое, што дадзеныя злівалі самі візавыя цэнтры.