У Гродзенскай вобласці ўзяліся адпрацоўваць падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы ў Instagram. У апошні час такія справы з’яўляюцца ў банку судовых рашэнняў. Усе яны падобныя: жыхароў вобласці затрымлівалі дома за «захоўванне з мэтай распаўсюджвання» экстрэмісцкай інфармацыі. Але рашэнні суддзяў - розныя. Выпадкі апісвае Telegram-канал «Право имеют».

Судзілі бацьку малалетніх дзяцей

Напрыклад, бацьку малалетніх дзяцей судзілі за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў па ч.2 арт. 19.11 КаАП у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Ён быў падпісаны і захоўваў у Instagram «з мэтай распаўсюджвання» экстрэмісцкую прадукцыю. Мужчына прызнаў віну. Яго аштрафавалі на 15 базавых велічыняў - 555 рублёў - з канфіскацыяй тэлефона.

Судзілі настаўніка і беспрацоўную

9 кастрычніка ў судзе Астравецкага раёна судзілі настаўніка біялогіі мясцовай школы па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Яна была падпісана на Zerkalo.io у Instagram. Гэта палічылі захоўваннем з мэтай распаўсюджвання экстрэмісцкай прадукцыі. Судзячы па прысудзе, жанчыну затрымалі ў яе дома. Яе арыштавалі на двое сутак — залічылі тое, што яна ўжо адбыла. Тэлефон не канфіскоўвалі.

Таксама ў той жа дзень судзілі беспрацоўную — за падпіску ў Instagram на «Белсат». Яе таксама арыштавалі на двое сутак і пакінулі тэлефон.

Судзілі замежніка і грузчыка

Па ч.2 арт. 19.11 КаАП гродзенца судзіў суддзя Ленінскага раёна Гродна ў выязным судовым паседжанні ў будынку РАУС. Ён нібыта захоўваў у Instagram «з мэтай распаўсюджвання» інфармацыйную прадукцыю, прызнаную экстрэмісцкай.

Мужчыну аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (1110 рублёў) з канфіскацыяй тэлефона.

Што яшчэ вядома пра суды за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў?

Практычна праз дзень у Гродзенскай вобласці праходзяць суды за распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў. Як мінімум раз на тыдзень які-небудзь рэсурс прызнаюць экстрэмісцкім. У верасні і кастрычніку актыўна затрымлівалі падпісчыкаў былога журналіста Hrodna.life Руслана Кулевіча — яго персанальныя сацсеткі прызналі экстрэмісцкай інфармацыяй. Сярод затрыманых — гродзенкі, дальнабойшчык, святар Андрэй Наздрын.

Чытайце таксама: Як не стаць экстрэмістам ў Беларусі? Юрыст — аб пакаранні за падпіску, лайк і рэпост