Недахоп персаналу на гродзенскай ЦЭЦ-2 такі вялікі, што на некаторых пазіцыях, дзе мусіць быць чатыры змены, людзей хапае толькі на тры. Гэта вынік рэпрэсій і вельмі строгага адбору кандыдатаў у філіялах «Гроднаэнерга», піша «Наша Ніва».
«Людзей дагэтуль працягваюць звальняць за падзеі 2020 года. Знайсці замену раней звольненым няпроста, бо, каб чалавека прынялі на працу, ён мусіць не толькі адпавядаць прафесійным якасцям, але і быць крыштальна чыстым у палітычным плане», — кажа суразмоўца, знаёмы з сітуацыяй.
Нядаўна на прадпрыемстве быў выпадак, калі кандыдатуру новага супрацоўніка ўзгаднілі на ўсіх узроўнях, у тым ліку гендырэктар, але на працу ў выніку яго не прынялі.
«Апошняе слова ў пытаннях, датычных звальнення і прыняцця на працу, не за гендырэктарам, а за адным з ягоных намеснікаў, які з’яўляецца былым кадэбэшнікам», — тлумачыць суразмоўца. Былы супрацоўнік КДБ Барыс Рагімаў заняў пасаду намесніка генеральнага дырэктара па бяспецы, рэжыму і кадрах восенню 2021 года.
Спісы на звальненне і пошук карты паляка
На прадпрыемстве перыядычна прыходзяць спісы людзей, якіх трэба звольніць. Таксама выяўляюць супрацоўнікаў, якія маюць карту паляка.
«З апошняга — прыйшоў загад разабрацца з усімі, хто мае карту паляка. Маўляў, такія людзі не павінны працаваць у дзяржаўным прадпрыемстве, калі не адмовяцца ад яе».
Чытайце таксама: 700 медыкаў шукаюць у Гродзенскай вобласці — недахоп можа быць большым
Пра тое, што ў розныя філіялы «Гроднаэнэрга» прыходзяць спісы на звальненне, пісалі і раней. Пра такі спіс у Гродне стала вядома ў студзені 2023. Людзей, якія ў яго трапілі, трэба было звольніць да траўня. У красавіку стала вядома пра спісы на звальненне ў Ашмянскіх электрычных сетках (філіял «Гроднаэнэрга»). Прафесійныя здольнасці і досвед пры гэтым пад увагу не бяруцца. Аднак часам кіраўніцтву даводзіцца адкласці звальненне нелаяльнага да рэжыму Лукашэнкі супрацоўніка, бо замяніць чалавека няма кім, а без яго не абысціся.
Супрацоўнікі «Гроднаэнэрга» ў 2020 асудзілі гвалт і фальсіфікацыі
У жніўні 2020 года 668 супрацоўнікаў з розных філіялаў «Гроднаэнэрга» звярнуліся з лістом да старшыняў абл- і гарвыканкама, а таксама генеральнага дырэктара прадпрыемства. У звароце яны сцвярджалі, што не прызнаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, патрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў, правядзення новых выбараў, пакарання сілавікоў, якія выступілі супраць народа. Пасля гэтага да «Гроднаэнэрга» пачалі з увагай ставіцца сілавыя структуры.