У комплексе Старога замка ў Гродне ў перспектыве з’явяцца «дамы кухараў», вуглавая вежа з яшчэ адной камяніцай, а таксама склады і вазоўня. Перспектыўныя аб’екты пералічаныя ў вытрымцы з генплана замка, якую апублікавалі на сайце дзяржзакупак.
У межах працаў па праектаванні другой чаргі замка Упраўленне капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама праводзіць закупку на археалагічнае даследаванне. Арганізацыя, якая пераможа, павінна будзе правесці даследаванне і скласці навуковую справаздачу з 16 па 20 кастрычніка. У другой чарзе рэканструкцыі працы тычацца самога будынка палаца — асноўнай часткі комплекса Старога замка.
Але значна цікавей іншая інфармацыя, якую можна пабачыць на вытрымцы з генплана. На ёй бачна перспектыўныя будынкі, за якія возьмуцца рэканструктары, калі скончаць другую чаргу.
З плана відаць, што трэцяя чарга ахопіць закансерваваныя пад зямлёй фрагменты Ніжняй царквы. Верагодна, для іх у плане прадугледжана падземная экспазіцыйная зала. Таксама хочуць пабудаваць:
- «дамы кухараў» — 1 паверх,
- вуглавая вежа — 3 паверхі,
- камяніца пры вуглавой вежы — 3 паверхі,
- склады і вазоўня — 2 паверхі,
- мост — верагодна, паміж палацам з другой чаргі рэканструкцыі і комплексам з трэцяй чаргі,
- адкрытыя галерэі.
Зараз тэрыторыя трэцяй чаргі рэканструкцыі Старога замка — самая закінутая на замкавай гары. Там знаходзяцца рэшткі сцен яшчэ замка Вітаўта XV стагоддзя. Яны не закансерваваныя і не адаптаваныя пад наведванне турыстамі.
Чытайце таксама: «Праектныя вырашэнні ўжо ўзгаднілі». Рызаліт, якога не было, усё ж прыбудуюць да Старога замка