Дамы 31 і 33 на Вялікай Траецкай хочуць рэканструяваць і аб’яднаць у адзіны будынак, спецыялізаваны для грамадскага харчавання. Так будынкі далучацца да фуд-кластэра на Траецкай. Хутка пачнуцца грамадскія абмеркаванні справаздачы аб АУНА.

Архітэктурнае аблічча дамоў звяжуць з прылеглай шэраговай гістарычнай забудовай. Тэрыторыю азеляняць, зробяць дарожкі. Расліннасць, якая ёсць, пастараюцца захаваць.

Агульная плошча двух суседніх будынкаў - 368 кв. м. Аб’яднаны будынак плануюць падключыць да існых інжынерных сетак. Як альтэрнатыву для ацяплення разглядаюць уладкаванне міні-кацельні на біямасе.

Аб’екты належаць да зоны аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей і водаахоўнай зоны ракі.

Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб АУНА, сход і дапрацоўка праекта пройдуць з 16 кастрычніка па 27 снежня. Дзяржаўная экалагічная экспертыза пройдзе з 20 лістапада 2023 па 10 студзеня 2024. Рашэнне аб планаванай дзейнасці прымуць з 4 снежня 2023 па 12 лютага 2024.

Дамы дапоўняць фуд-кластэр

Год таму дамы купілі за 327 тыс. руб. Яшчэ тады новы ўласнік казаў пра дамовы з канкрэтнымі ўстановамі харчавання і планы зрабіць рэстаран іспанскай кухні.

Пабудовы асобна не ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны, але размяшчаюцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна. Таму новы ўладальнік павінен будзе захаваць архітэктурныя і стылістычныя асаблівасці будынкаў. Забаронена неабгрунтавана змяняць іх фасады і аб’ёмы.

Замоўца будоўлі - ТАА «ФрутПак». Кампанія вырабляе гафраваную паперу, кардон, тару, піша Urban Hrodna.

Гісторыя будынкаў

Дом № 31 (кан. XIX ст.) першапачаткова быў нетынкаваны. Карніз і міжпавярховы пояс аздобленыя сухарыкамі, вокны з лучковымі перамычкамі.

Дом № 33 (1900 г. пабудовы) збудаваны ў стылі эклектыкі. Некалі там была пякарня Танкусаў, пазней дом вядомы як «дом шыбеннікаў». У вайну належаў да гета. Каля яго паказальна павесілі найпрыгажэйшую дзяўчыну Гродна Лену Прэнскую, гандляра гузікамі Шпіндлера і цырульніка Друкнера.

Чытайце таксама: Каля сінагогі на Траецкай адбудуюць дом паводле архіўных фота. Якім ён будзе