Лаяльны рэжыму Лукашэнкі Саюз палякаў Беларусі напярэдадні парламенцкіх выбараў і рэферэндуму ў Польшчы звярнуўся да польскіх грамадзян. Адкрыты ліст ад Гродзенскага гарадскога аддзялення ГА “Саюз палякаў на Беларусі” апублікавала прапагандысцкая газета “Гродзенская праўда”. У лісце лукашэнкаўскія “палякі” заклікаюць галасаваць у рэферэндуме за дэмантаж агароджы на беларуска-польскай мяжы. Яе пабудавалі ў 2022 годзе як адказ на міграцыйны крызіс на мяжы Еўрасаюза, справакаваны ўладамі Беларусі і Расіі.
Ліст напісаны на рускай і польскай мовах. Прычым пераклад на польскую выклікае шмат пытанняў.
Чаму менавіта зараз?
15 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца парламенцкія выбары. Многія ацэньваюць іх як ці не самыя важныя пасля першых часткова вольных выбараў 1989 года, калі ўладу змагла пераняць антыкамуністычная апазіцыя. Разам з выбарамі кіруючая партыя “Права і Справядлівасць” (PiS) вырашыла правесці рэферэндум. На яго выносяць шэраг пытанняў, шчыльна звязаных з нацыянальнай бяспекай і ідэалогіяй. Так PiS спадзяецца прыцягнуць на выбарчыя ўчасткі як мага болей уласных прыхільнікаў.
Адно з пытанняў рэферэндуму гучыць так: «Ці падтрымліваеце вы ліквідацыю агароджы на мяжы паміж Польшчай і Беларуссю?». За яго і ўчапілася беларуская прапаганда.

Што “палякі” пішуць у лісце?
У лісце ўздымаецца тэма, якая даўно хвалюе беларускую прапаганду – металічная агароджа на польска-беларускай мяжы. Аўтары ліста, як раней беларускія прапагандысты, хвалююцца за лёс жывёл, што жывуць у Белавежскай пушчы. Агароджа раздзяляе пушчу і не дазваляе ні людзям, ні дзікім жывёлам прайсці з адной краіны ў іншую.
У лісце кажуць, што раздзяленне Белавежскай пушчы агароджай прывядзе да экалагічнай катастрофы. Таму беларускія “палякі” заклікаюць грамадзян Польшчы галасаваць у рэферэндуме за яе знос.
Якія памылкі ёсць у лісце?
Ліст відавочна пісаў чалавек, які не вельмі добра валодае польскай мовай. Магчыма, аўтар карыстаўся дапамогай робатаў-перакладчыкаў кшталту Google Translate ці Яндекс Переводчик. Але яны не надта дапамаглі. Некаторыя памылкі вельмі грубыя.
- Слова “polacy” напісана з малой літары, хаця ўсе нацыянальнасці ў польскай мове пішуцца з вялікай літары: Polacy, Białorusini, Litwini і г.д.
- Аўтар не адрознівае літар “ż” і “ź”, хаця гэта зусім розныя гукі – “ж” і “зь” адпаведна.
- Замест слова “naród” у адным месцы выкарыстоўваецца сінонім “lud”, які стылістычна і сэнсава не пасуе да сітуацыі.
- У польскай мове два варыянты графічнага запісу гуку “ж” – “ż” і “rz”. Аўтар іх блытае.
- Дзеясловы множнага ліку ў мінулым часе ў залежнасці ад роду могуць заканчвацца на “-li” або “-ły”. Аўтар іх блытае.
Гэта толькі некалькі памылак, якія рэдакцыя Hrodna.life заўважыла пры хуткім праглядзе адкрытага ліста. Тут не пералічаныя стылістычныя хібы, якіх у тэксце таксама хапае.
Што гэта за Саюз палякаў?
Ліст напісаны ад імя афіцыйнага праўладнага Саюза палякаў Беларусі. Ён з’явіўся ў 2005 годзе ў выніку расколу ў некалі адзінай арганізацыі. Тады паўстаў незалежны Саюз палякаў, які прызнае афіцыйная Варшава, але не прызнаюць улады ў Мінску. І наадварот – арганізацыя, якая захавала афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі, прызнаецца толькі беларускімі ўладамі і не прызнаецца польскімі.
Афіцыйны Саюз палякаў амаль не вядзе дзейнасці і з’яўляецца хутчэй намінальнай арганізацыяй. Незалежны Саюз палякаў актыўна працягваў працаваць у сферы адукацыі і культуры, пры гэтым рэгулярна з 2005 года сутыкаўся з пераследам.
Вясной 2021 года ключавых кіраўнікоў незалежнага Саюза палякаў у Гродне і рэгіёне арыштавалі. Частку неўзабаве прымусілі выехаць у Польшчу. Старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс была пераведзена на хатні арышт, а праз два гады, у красавіку 2023 года з яе знялі абвінавачанні. Адзін з лідараў Саюза палякаў, журналіст Анджэй Пачобут дагэтуль застаецца ў турме. Яго асудзілі на восем гадоў за нібыта “распальванне варожасці”.





