Найлепшымі гарадамі для жыцця ў Беларусі самі жыхары назвалі Брэст, Гродна і Мінск. У іх адначасова ёсць і аб’ектыўна добрыя ўмовы для жыцця, і самі гараджане ўспрымаюць іх як добрыя месцы. Як Гродна абыйшоў у рэйтынгу Мінск і чаму саступіў Брэсту?
Цэнтр новых ідэй (ЦНІ) распрацаваў зусім новы рэйтынг — Барометр беларускіх гарадоў. Гэта дадатак да існуючага ўжо шмат гадоў Рэйтынгу беларускіх гарадоў. Розніца ў тым, што ў Рэйтынгу ацэньваюцца аб’ектыўныя паказчыкі і статыстычныя звесткі, а ў Барометры — як самі жыхары ацэньваюць свае гарады.
Топ-3 гарадоў у Рэйтынгу і ў Барометры такі ж — толькі займаюць яны ў тройцы лідараў розныя месцы.
Рэйтынг беларускіх гарадоў 2022
- Мінск
- Гродна
- Брэст
Барометр беларускіх гарадоў 2023
- Брэст
- Гродна
- Мінск
Так што паказвае Барометр беларускіх гарадоў?
Барометр беларускіх гарадоў паказвае, як самі жыхары ўспрымаюць тыя гарады і мястэчкі, у якіх жывуць. Ці падабаюцца нам умовы жыцця, ці ганарымся мы сваім месцам жыхарства, ці бачым перспектывы, каб заставацца там і г. д. Даследчыкі сцвярджаюць, што ва ўмовах утойвання ўладамі значнай часткі статыстычнай інфармацыі звесткі Барометра будуць мець дадатковую вартасць. Яны звяртаюць увагу, што ўспрыманне і ацэнка рэчаіснасці часта можа больш матываваць, чым аб’ектыўныя лічбы.
Якія перавагі ў Брэста, Гродна і Мінска?
Жыхары і жыхаркі Брэста задаволеныя ўмовамі для баўлення вольнага часу: якасцю працы музеяў і выстаў, кафэ і бараў, спартовых клубаў і пляцовак. Таксама гараджане ўпэўненыя, што ў горада ёсць перспектывы развіцця.
Перавагай Гродна стаў мясцовы патрыятызм гараджан і гараджанак. Яны вельмі любяць свой горад і не хочуць яго пакідаць.
Мінск мае агулам высокія ацэнкі, але яго жыхары не вельмі задаволеныя школамі, дзіцячымі садкамі і дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Паказчык «гонар за свой горад» у жыхароў Мінска таксама не самы высокі.
Гарады для жыцця і месцы роспачы
Даследчыкі Цэнтра новых ідэй паводле вынікаў падзялілі гарады Беларусі на чатыры катэгорыі:
- Гарады для жыцця — у іх і ўмовы ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па краіне, і агульныя ацэнкі гарадоў таксама параўнальна высокія. Да такіх гарадоў адносяцца Брэст, Гродна, Ліда, Мінск, Баранавічы, Гомель, Пінск, Мазыр, таксама гарады сярэдніх памераў Гомельшчыны і Брэстчыны;
- Гарады энтузіястаў — гэта тыя населеныя пункты, дзе ўмовы для жыцця ацэньваюцца ніжэй за сярэднія па краіне, але жыхары ўсё ж любяць іх. Гэта Віцебск, мястэчкі Міншчыны, гарады сярэдніх памераў Міншчыны і Гродзеншчыны (Ваўкавыск, Навагрудак, Слонім, Смаргонь);
- Гарады-расчараванні — у іх ўмовы для жыцця нібы і ёсць (ацэньваюцца вышэй, чым у сярэднім па гарадах Беларусі), але чамусьці горад не прываблівае сваіх жыхароў. У гэтую групу трапілі Бабруйск, Салігорск і сярэдняга памеру гарады Магілёўшчыны;
- Месцы роспачы — у населеных пунктах гэтай групы ўмовы для жыцця хутчэй незадавальняючыя, ды і самі гарады ўспрымаюцца жыхарамі не вельмі добра. Гэта такія гарады, як Магілёў, Орша, Барысаў, Маладзечна, гарады сярэдняга памеру Віцебшчыны (Наваполацк, Полацк), а таксама мястэчкі (гарады невялікага памеру) Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны, Гродзеншчыны і Брэстчыны.
Як замяралі і разлічвалі вынікі Барометра?
Барометр беларускіх гарадоў стваралі паводле дадзеных сацапытання, якое ладзілі Цэнтр новых ідэй і «Народнае апытанне». Гэта было анлайн-апытанне, яно праходзіла 20−23 траўня 2023 года. У апытанні паўдзельнічалі 1966 чалавек. Як і ва ўсіх даследаваннях «Народнага апытання», ва ўдзельнікаў ёсць выразны перакос у бок пратэснай і прадэмакратычнай часткі грамадства.
Што ацэньвалі ўдзельнікі даследавання?
Удзельнікі апытання ацэньвалі з аднаго боку ўмовы жыцця ў горадзе:
- жытло і праца;
- лагістыка;
- ахова здароўя;
- умовы для дзяцей (у тым ліку адукацыя);
- сацыяльная сфера;
- культура, адпачынак, спорт.
З іншага боку яны ацэньвалі ўласнае ўспрыманне горада, адказваючы на пытанні:
- Як вы ставіцеся да свайго горада?
- Ці падабаецца вам у ім жыць?
- Ці можна сказаць, што вы ганарыцеся сваім горадам?
- Як вы ацэньваеце перспектывы свайго горада?
- Ці хацелі б вы змяніць сваё месца жыхарства ў межах Беларусі?