Польскія памежнікі перасталі ставіць штампы аб перасячэнні мяжы ў беларускія пашпарты. Пра гэта паведаміла «Наша Ніва» са спасылкай на свайго чытача.

Палякі перасталі ставіць штампы ў беларускія пашпарты: каму і як гэта дапаможа
Беларускі пашпарт. Ілюстрацыйнае фота belta.by

«Гэта ж беларус. У беларускія пашпарты не ставім, правільна?» — перадаў размову польскіх памежнікаў адзін з чытачоў.

Гэтае рашэнне польскія пагранічнікі ўзгаднілі з міністэрствамі ўнутраных і замежных спраў Польшчы, расказаў «Нашай Ніве» польскі дыпламат.

«Гэта лагічнае рашэнне, таму што пакуль няма яснага разумення, што рабіць многім тысячам беларусаў, якія жывуць у Польшчы і не змогуць абмяняць свае дакументы. Магчыма, будзе прынятае рашэнне ажно да спрашчэння працэдуры атрымання польскага пашпарта, але цяпер робіцца тое, што робіцца. Адмена штампаў можа хаця б запаволіць сканчэнне пашпарта не з прычыны сканчэння тэрміну дзеяння».

Адмена штампаў на польскай мяжы дапаможа эканоміць старонкі ў пашпартах тых беларусаў, якія выязджаюць праз Польшчу за межы Шэнгена, але не могуць паехаць у Беларусь, каб замяніць там пашпарт. Для іх вольныя старонкі ў дакуменце могуць быць вельмі каштоўнымі.

У Міністэрстве замежных спраў Польшчы і польскай Памежнай службе не падцвердзілі інфармацыю пра тое, што больш не будуць ставіць штампы аб перасячэнні польскай мяжы. Ва ўстановах не ведаюць пра такое рашэнне, паведаміла «Еўрарадыё».

Што кажуць у кабінеце Ціханоўскай

У Аб’яднаным пераходым кабінеце пра рашэнне польскага боку ведаюць і плануюць пралабіраваць гэтае пытанне з іншымі краінамі Еўрасаюза. «Плануем такое абмеркаваць на гэтым тыдні. Пакуль не гатовыя назваць краіну», — сказаў «Нашай Ніве» прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі.

Чаму адсутнасць штампаў гэта важна

З 7 верасня 2023 года беларускія дыпламатычныя місіі больш не выдаюць, не мяняюць і не працягваюць тэрмін дзейнасці пашпартоў тых беларусаў, якія пастаянна жывуць за мяжой.

Меншая колькасць штампаў у пашпарце можа сэканоміць колькасць чыстых старонак і лішняе месца ў пашпарце. З-за гэтага тэрмін прыдатнасці пашпарта можа быць большы.

Чытайце таксама: Беларусы больш не змогуць памяняць пашпарт за мяжой

Якія яшчэ змены прапануюць беларусам

У Літве прапануюць павялічыць тэрмін дзейнасці віда на жыхарства для беларусаў, якія не маюць магчымасці вярнуцца ў Беларусь. Зараз такі дакумент выдаюць на адзін год. Міністэрства унутраных спраў Літвы прапануе павялічыць гэты тэрмін да трох гадоў.