Суд Смаргонскага раёна асудзіў лекарку-гігіеністку на два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Яе абвінавацілі паводле ч.1 і 2 арт. 433 КК (атрыманне хабара). Агульная сума незаконнага ўзнагароджання — 70 рублёў у выглядзе прадуктаў харчавання, паведаміў Вярхоўны суд Беларусі.
Суд над лекаркай адбыўся 29 верасня 2023 года. Жанчына, якая працавала ў занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, у снежні 2022 года атрымала ад кладаўшчыка адной з установаў адукацыі ў Смаргоні за лаяльная стаўленне падчас праверкі незаконную ўзнагароду ў выглядзе прадуктаў харчавання. Іх кошт склаў 54,01 рублі.
У студзені 2023 года жанчына атрымала ад медычнага супрацоўніка адной са смаргонскіх устаноў адукацыі ўзнагароду прадуктамі на суму 16,43 рублі. Яна яе атрымала таксама за лаяльнае стаўленне падчас праверкі ва ўстанове адукацыі.
Змягчылі прысуд за прызнанне
Лекарка прызнала сваю віну. Суд палічыў змягчаючым той факт, што жанчына шчыра раскаялася ў злачынстве і явілася з павіннай.
Чытайце таксама: Зачысткі ў Лідзе, штраф царкоўнаму супрацоўніку і суд над студэнтамі. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці