Беларусам могуць дазволіць падхоўваць урны з прахам у магілы сваякоў нават у месцах, закрытых для пахавання. Таксама хочуць пашырыць спіс устаноў, якія могуць займацца арганізацыяй пахаванняў, і ўвесці змены ў гарантаваныя бясплатныя паслугі па пахаванні.

Змены апісаныя ў праекце закона «Аб змене законаў па пытаннях сацыяльнага абслугоўвання». Яго апублікавалі на Нацыянальным прававым партале.

Адно з новаўвядзенне датычыць забароны на пахаванні ў месцах, закрытых для пахавання, звярнула ўвагу «Зеркало». Выключэннем стане падпахаванне урнаў з прахам у наяўную магілу труны (савана) з целам (рэшткамі) раней памерлага мужа (жонкі), блізкіх сваякоў і родных. Гаворка ідзе пра падпахаванні менавіта ў магілы, а не недзе побач.

Чытайце таксама: На могілках у Гродне з’явіўся першы калумбарый. Усе месцы пакуль вольныя

Дамы-інтэрнаты змогуць займацца пахаваннем падапечных

У спіс тых, хто можа ўзяць на сябе арганізацыю пахавання памерлага, хочуць уключыць дзяржаўныя ўстановы стацыянарнага сацабслугоўвання, напрыклад, дамы-інтэрнаты для састарэлых і людзей з інваліднасцю, псіханеўралагічныя дамы-інтэрнаты.

Сацслужбам могуць дазволіць арганізацыю пахаванняў тых, хто памрэ ў такіх установах і ў каго няма, каму паклапаціцца пра пахаванне. Цяпер у такіх выпадках пахаваннямі займаюцца спецыяльныя арганізацыі і ІП, у якіх ёсць дазвол на аказанне такіх паслуг.

Дзяржава збіраецца гарантаваць такім установам, якія будуць браць на сябе арганізацыю пахавання, бясплатны спіс паслуг па пахаванні. Установе трэба будзе аформіць дакументы для пахавання, а пасля заказваць неабходныя рэчы ў спецыяльных арганізацый і ІП з пахавальнага бізнеса. Ім у сваю чаргу дзяржава кампенсуе выдаткі на пахаванне.

Сацустановы павінны будуць даставіць драўляную труну з абіўнай тканінай, металічны крыж з таблічкай, пры неабходнасці - запытаць камплект для труны (пакрывалы, навалачкі, падушкі), пахавальнае адзенне і абутак. Галоўнае, каб агульная сума выдаткаў не перавышала актуальнага памеру дзяржаўнай дапамогі на пахаванне.

Дадуць больш выбару

Калі той, хто збіраецца хаваць чалавека, напрыклад, нехта з блізкіх сваякоў, не звяртаецца па грошы гарантаванай дапамогі на пахаванне, дзяржава гарантуе яму бясплатныя паслугі па пахаванні. Іх аказваюць спецыялізаваныя арганізацыі, кампаніі і ІП. Ім у будучыні дзяржава і кампенсуе выдаткі на паслугі, але толькі ў межах памеру дапамогі на пахаванне.

Гарантаваныя бясплатныя паслугі па пахаванні хочуць змяніць. Плануюць даць выбар — замаўляць драўляны або металічны крыж. Зараз дазволена ставіць толькі драўляны.

Калі пры арганізацыі не атрымаецца ўпісацца ў суму гарантаваных «пахавальных», можна даплаціць са сваёй кішэні. Але кампенсаваць суму, якая перавышае дапамогу, дзяржава не будзе.

Чытайце таксама: Як трэба даглядаць за гарадскімі могілкамі? Слухай (або чытай) новы выпуск «Утульнага горада»