Першы гродзенскі калумбарый пабудавалі на могілках Аўльс. Там можна размясціць 1088 урнаў з прахам памерлых, паведаміў «Вячэрні Гродна».

На могілках у Гродне з'явіўся першы калумбарый. Усе месцы пакуль вольныя
Гродзенскі калумбарый на могілках Аўльс. Крыніца: vgr.by

Калумбарый размясцілі на новай тэрыторыі - праз дарогу ад старых могілак, насупраць канцавога прыпынка аўтобуса № 13. Калумбарый складаецца са 136 бетонных пліт, у кожнай па 8 ячэек. Станам на 25 ліпеня 2023 года ўсе ячэйкі былі вольнымі.

Калумбарый ёсць, а крэматорыя няма

Бліжэйшае месца, дзе можна крэміраваць нябожчыка ў Беларусі - Мінскі крэматорый. Гэта каштуе амаль 2000 рублёў. Урну з прахам могуць перадаць праз 10 дзён пасля крэміравання, або на наступны дзень — за даплату 100 рублёў.

Яшчэ ў 2020 годзе будаваць крэматорый у Гродне ўсё ж планавалі, хай і ў аддаленай будучыні. Могілкі з дзвюмя формамі пахавання (традыцыйнай і прах у скрынях) з перспектыўным (пасля 2030 года) будаўніцтвам крэматорыя прадугледжваліся ў генплане горада. Месца вызначылі справа ад Аульса. Будаўніцтва крэматорыя вырашыла б многія праблемы, ідэю падтрымала і кіраўніцтва горада. Але, як тады патлумачыў першы намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Жук, паводле закону будаваць яго мае права толькі дзяржава. Таксама яго турбавала тое, што ў рэгіёне шмат рэлігійных канфесій, і крэмацыя можа не прыжыцца.

Чытайце таксама: Могілкі ці крэматорый? Як Гродна будзе хаваць сваіх памерлых