На «Гродна Азот» нельга праводзіць несанкцыянаваную фота- і відэаздымку. Для кібербяспекі забаранілі падключэнне вонкавых прылад накшталт флэшак і мабільных тэлефонаў да завадскіх камп’ютараў. Пра гэта нагадаў намеснік генеральнага дырэктара па бяспецы і кадрах Алег Жывушка падчас нарады 19 верасня.
Ён адзначыў, што парушэнні былі. За іх пагражае вымова, а пры паўторным выпадку — звальненне. Ці давялося кагосьці ўжо звольніць, намеснік дырэктара не ўдакладніў.
«Гродна Азот» стаў адным з цэнтраў пратэстаў у 2020 годзе. Азатаўцы выходзілі на плошчу падчас мітынгаў, іх затрымлівалі цэлымі калонамі. На некаторых з іх завялі крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах і каментары ў Telegram. На тэрыторыі прадпрыемства вывешвалі БЧБ-сцягі.
На прадпрыемстве планавалі страйк, за што чатырох супрацоўнікаў «Гродна Азот» і «Хімвалакно» асудзілі на тэрміны да 15 гадоў калоніі. Незалежны прафсаюз прадпрыемства ліквідавалі, а яго лідара Андрэя Ханевіча асудзілі на пяць гадоў калоніі. Затрыманні адбываюцца дагэтуль.
Чытайце таксама: «Гродна Азот» закупляе мабільныя тэлефоны. Верагодна, супрацоўнікам забароняць карыстацца сваімі смартфонамі